Святы Тэадосій Вялікі жыў у Кападокіі на мяжы IV-V ст. З’яўляецца заснавальнікам супольнага манаскага жыцця. Меў пабожных бацькоў. Маючы прыгожы голас, рупліва аддаваўся царкоўнаму спеву і чытанню. Горача маліўся, каб Бог вёў яго дарогаю збаўлення. У маладосці наведаў Святую Зямлю, дзе сустрэўся з Сімяонам Стоўпнікам (успамін 1 верасня), які блаславіў яго і прадказаў ягонае будучае служэнне.
Імкнучыся да самотнасці, пасяліўся ў палестынскай пустэльні, дзе верагодна спыняліся на начлег тры Мудрацы, ідучы пакланіцца нованароджанаму Дзіцятку Ісусу. Жыў у ёй на працягу 30 гадоў у вялікай аскезе і малітвах. Да яго прыходзіла мноства ахвотнікаў такога спосабу жыцця і аддаваліся ягонаму духоўнаму кіраўніцтву. Пячора ўжо не змяшчала ўсіх аскетаў, але св. Тэадосій маліўся, каб сам Бог указаў месца заснавання новага манастыра. На тым месцы св. Тэадосій збудаваў лаўру паводле ўставу св. Васіля Вялікага. У хуткім часе лаўра набыла вялікую славу, сабралася ў ёй каля 700 манахаў. З волі св. Тэадосія лаўра служыла таксама і свецкім людзям, дапамагаючы бедным і падарожным.
Тэадосій быў незвычайна міласэрны. Калі аднойчы ў Палестыне быў вялікі голад і каля манастыра сабралося мноства галодных людзей, ён загадаў пусціць іх за браму манастыра. Вучні яго былі прыгнечаныя, ведаючы, што галодных людзей няма чым накарміць. Увайшоўшы ж ў пякарню, пабачылі, што пасля малітваў аввы Тэадосія яна сталася поўная хлеба. Гэты цуд паўтараўся кожны раз, калі Тэадосій хацеў дапамагчы бедным.
На тэрыторыі манастыра св. Тэадосій адкрыў дамы для бяздомных, шпіталь для манахаў і свецкіх, а таксама прытулак для старцаў.
Паколькi на тэрыторыi манастыра жыло шмат розных людзей, ён арганiзаваў набажэнствы ў некалькiх каплiцах на розных мовах: па-грэцку, па-армянску, па-грузiнску.
Яшчэ пры жыццi ўчынiў шмат цудаў, дапамагаючы патрабуючым. Памёр ва ўзросце 105 гадоў у 529 годзе.