Мітрапаліт Антыяхійскай Праваслаўнай Царквы Гатас Хазім адзначыў, што дзякуючы Святому Айцу хрысція…

Мітрапаліт Антыяхійскай Праваслаўнай Царквы Гатас Хазім адзначыў, што дзякуючы Святому Айцу хрысціяне зноў адчулі сябе паўнапраўнымі грамадзянамі Ірака. “Для нас словы Папы – вялікае суцяшэнне і ажыўленне. Нам патрэбная толькі надзея на будучыню”, – сказаў Vatican News іерарх Антыяхійскай Праваслаўнай Царквы.

“Як хрысціяне, мы зараз слабыя ў Іраку. Гэта паломніцтва дае нам сілы, прымушае адчуць, што мы не самотныя. У мяне склалася ўражанне, што да гэтага часу мы не думалі пра будучыню краіны, у нас не было надзеі, што мы зможам аднавіцца пасля столькіх бедстваў. Цяпер сярод нас знаходзіцца Папа, і яго словы глыбока кранаюць сэрцы ўсіх іракцаў. Я перакананы, што яго пасланне пра мір, пра тое, наколькі дрэнная вайна, пра забойствы і гвалт, глыбока ўвойдзе ў сэрцы тых, хто знаходзіцца ва ўладзе”, – адзначыў Мітрапаліт.

Праваслаўны іерарх лічыць, што ў працэсе адбудовы іракскай нацыі надзвычай важны міжрэлігійны дыялог, вялікім энтузіястам якога з’яўляецца Францішак. Гэта добра было бачна падчас візіту: прадстаўнікі ўсіх рэлігій, якія прысутнічаюць у Іраку, маглі сустрэцца з Папам.

“Ён дэманструе нам, што кожны чалавек заслугоўвае павагі, і пачынаць трэба ад сваіх суседзяў. Мы ўсе разам жывём у Іраку. Мы тут, каб жыць разам, а не ненавідзець адно аднаго і быць адно супраць аднаго”, – падкрэсліў Мітрапаліт Антыяхійскай Праваслаўнай Царквы.