Ён марудзіць, каб мы маглі апамятацца і пакаяцца перш, чым здзейсніцца правасуддзе, якое павінен ажыццявіць праведны Суддзя. Бог абавязкова ўмяшаецца і пакладзе канец злу. У нас ёсць цвёрдая ўпэўненасць у тым, што Ён будзе “дзеі пакутнікаў зямлі рашаць паводле ісціны; і жазлом вуснаў Сваіх заб’е бязбожніка” (Іс.11:4). Ён суцешыць усіх, хто плача, і блаславіць кожнага, хто выгнаны за праўду (Мацвея 5:4, 10). Але перш мы павінны задаць сабе пытанне: на якой шалі правасуддзя апынемся мы самі, калі суд нарэшце прыйдзе?
Датуль, пакуль я сам усталёўваю сабе стандарты і сам вырашаю, што правільна і справядліва, мне няма пра што турбавацца. Я заўжды буду лічыць сябе правільным, а ўсе свае дзеянні апраўданымі. І калі мне даводзіцца зносіць пакуты ад рук іншых людзей, я заўсёды буду бачыць сябе бязвіннай ахвярай.
Але што, калі маё ўспрыманне выкрыўленае? Што, калі мае паводзіны былі не такія праведныя, як я іх бачу? Што, калі мае ўчынкі ацэньваюцца па іншым стандарце? І нават калі я незаслужана пацярпеў і зведаў зло ад рук іншых, што, калі ў выніку я таксама панясу адказнасць за зло, якое я тварыў, і за пакуты, якія я прычыніў людзям? Можа, і добра, што Бог яшчэ не здзейсніў Свой справядлівы суд.
Габрэй па імені Пётр, які стаў паслядоўнікам Ісуса, прызнаўшы ў Ім Месію свайго народа, зведаўшы наймацнейшыя пакуты за свае перакананні, пісаў аднаверцам і спачувальнікам, прапаноўваючы тлумачэнне таго, чаму Бог марудзіць з выкананнем Свайго абяцання перамагчы зло і пакласці справядлівы канец гэтаму свету: “Не марудзіць Госпад з выкананнем абяцання, як некаторыя лічаць гэта марудлівасцю; а доўга трывае нас, не хочучы, каб хто загінуў, а каб усе прыйшлі да каяння” (2 Пт.3:9)
Насамрэч, у гэтым ёсць нейкая іронія. Мы лямантуем да Бога: «Ну колькі мне яшчэ чакаць?!», – але ў той жа час Бог заклікае да нас: «Ну колькі Мне яшчэ чакаць?!»
“Дакуль, немыслі, любіцьмеце невуцтва? Дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? Дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?” (Прып.1:22)
Я чакаю і цярплю, пакуль Бог марудзіць у чаканні іншых. Калі вы, як і я, адны з тых многіх, хто ўжо апамятаўся і раскаяўся, тады давайце спадзявацца на Яго ласку і, напаўняючыся Яго сілай, цярпліва чакаць, пакуль Ён марудзіць дзеля іншых, як Ён марудзіў дзеля нас.
Ці, можа, вы адзін з тых, на каго Бог усё яшчэ чакае?
Аві Снайдэр