ТРОЙЦА (СЁМУХА)Сёмая нядзеля пасьля Вялікадня, або Сёмуха, – сьвята зыходу на апосталаў Сьвятога Ду…

ТРОЙЦА (СЁМУХА)

Сёмая нядзеля пасьля Вялікадня, або Сёмуха, – сьвята зыходу на апосталаў Сьвятога Духа, Якога Хрыстос абяцаў на Апошняй Вячэры, і прыйсьця Якога Ён загадаў чакаць перад Сваім узьнясеньнем на неба. Грамада апосталаў і іншых вучняў Хрыстовых, атрымаўшы Боскага Духа, сталася адным арганізмам, містычным целам Хрыстовым, якое мы называем Сьвятой Царквою. Такім чынам Сёмуха – гэта нараджэньне Царквы і пачатак прапаведаваньня Евангельля па ўсім сьвеце. Ад гэтага часу ўсё ў Царкве дзеецца сілаю і дзеяньнем Сьвятога Духа. Таму, пачынаючы ад Сёмухі, усе малітвы і багаслужбы пачынаюцца малітваю-заклікам да Сьвятога Духа: “Уладару Нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш…”. Гэтая малітва не гаворыцца між Вялікаднем і Сёмухай.

Сьвяты Дух зьяўляецца Богам, адным з Сьвятой Тройцы. Дар Духа Сьвятога – гэта дар боскага жыцьця, а Ягоны зыход – аб’яўленьне Бога ў Тройцы адзінага. Таму Сёмуха ёсьць таксама сьвятам Сьвятой, адзінасутнай і неразьдзельнай Тройцы. Пра гэта прыгожа і з вялікай багаслоўскай дакладнасьцю кажацца ў адной песьні на вячэрні: “Прыйдзіце, людзі, паклонімся Богу ў трох асобах – Сыну з Айцом і з Духам Сьвятым. Спрадвечны Айцец родзіць спрадвечнага і роўнапасаднага Сына, і Дух Сьвяты праслаўляецца ў Айцу разам з Сынам: адна сіла, адна сутнасьць, адно Боства. Яму мы пакланяемся, кажучы: Сьвяты Божа, што ўсё творыш праз Сына Духам Сьвятым; Сьвяты Моцны, які даў нам спазнаць Айца, і праз якога Дух Сьвяты на сьвет прыйшоў; Сьвяты Несьмяротны, Духу Суцяшальніку, што ад Айца паходзіш і ў Сыне спачываеш, Тройца Сьвятая, слава Табе”.

а. Аляксандар Надсан