Крыху гумару.Якуб Колас прыгадвае сваё дзяцінства ў набожнай сям’і:”Нас вучылі, што малітвы трэба ка…

Крыху гумару.
Якуб Колас прыгадвае сваё дзяцінства ў набожнай сям’і:

“Нас вучылі, што малітвы трэба казаць дакладна, слова ў слова, іначай моцна саграшыш. А дзед, хоць і маліўся колькі разоў на дзень, але словы страшэнна перакручваў і кары ніякай за гэта не меў. Часамі ён проста выдумляў свае ўласныя модлы, у якіх ад царкоўна-славянскай мовы не заставалася і знаку. Атрымлівалася ў яго замест «Цару нябесны, уцешыцелю душэ ісціны» нешта больш для яго зразумелае:«Царуня брэсцкі, уцеш цяля дужа лысае».
Дзед моліцца, а дзядзька Антось са смеху кладзецца, але стрымліваецца перад намі, зробіцца ўвесь чырвоны, адвернецца ў парог і робіць выгляд, што закашляўся.

Мне дзедавы малітвы падабаліся куды больш за царкоўныя. Але аднойчы, калі я прачытаў на дзедаў узор «Отча наш», бацька паставіў у кут, да сцяны посам. А выходзіла хораша: «Войча наш, бацька ваш, на небе стаў, чарцей у пекла сапхаў, нам сон паслаў. Кладуся спаць, дай божа ўстаць. Станьце пры мне, анёлы мае, што вам, тое і мне».

Паўтараючы ўсё за дзедам, мусіць, я чуў асалоду ад таго, як слова прыкладаецца да слова па сугучнасці”

(паводле кнігі “Колас расказвае пра сябе”).