Сыны Зебядзея патрабуюць ад Збаўцы: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе» (Мк 10, …

Сыны Зебядзея патрабуюць ад Збаўцы: «Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе» (Мк 10, 37). І што на гэта Хрыстос? Каб выявіць прыземленасць іх просьбы, каб паказаць, што калі б яны ведалі, аб чым просяць, ніколі б гэтага не зрабілі, кажа: «Не ведаеце, аб чым просіце», – гэта значыць: не ведаеце, якая гэта вялікая справа, якая цудоўная, наколькі пераўзыходзіць нават анёльскія сілы. Затым дадае: «Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?» (Мк 10, 38). Разважаеце са Мною пра вялікія пасады і ўшанаванні, а Я прадказваю вам змаганні і цяжары. Гэты час не з’яўляецца часам узнагарод, і не цяпер адкрыецца Мая слава; гэтае жыццё з’яўляецца часам мучаніцтва, змагання і небяспек.

Паглядзі, як нават самім пытаннем заклікае іх і заахвочвае. Не кажа: «Ці вы гатовыя на смерць? Ці зможаце праліць сваю кроў?» Але што кажа? «Ці можаце піць келіх?» І каб іх заахвоціць, а таксама ўчыніць больш ахвочымі да супольнасці з Сабой, дадае: «Які Я п’ю». Гэты келіх называе хростам, паказваючы, што стане ён ачышчэннем усяго свету. Вучні адказваюць: «Можам». У запале адказваюць адразу. Не разумеюць, што кажуць, аднак чакаюць выканання просьбы.

А Ісус? «Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны» (Мк 10, 39). Сапраўды, вялікія прадказаў ім даброты: станеце годнымі мучаніцтва. Ва ўсім гэтым будзеце ўдзельнічаць са Мною. «Але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана» (Мк 10, 40). А паколькі зрабіў больш дасканалым іх мысленне, учыніў шляхетным і падрыхтаваў іх таксама да цярпення, толькі тады выпраўляе іх просьбу.

«Пачуўшы, дзесяць вучняў абурыліся на двух братоў» (Мц 20, 24). Паглядзі, наколькі яшчэ яны недасканалыя. Як гэтыя двое прагнулі ўзвысіцца па-над дзесяццю, так і астатнія зайздросцілі гэтым дваім. Але, як ужо сказаў, паглядзі, кім яны сталі пазней, і ўбачыш іх вольнымі ад гэтых слабасцяў. Ян, той, які выступае з просьбай, заўсёды – як расказваюць Дзеі Апосталаў – саступае ў першынстве Пятру, ці то ў прамове, ці то ў чыненні цудаў. Ад пачатку быў поўны руплівасці, адарваны ад спраў гэтага свету, дасягнуў такога высокага ўзроўню дабрадзейнасцяў, што ў хуткім часе пасталеў да мучаніцтва.

Св. Ян Залатавусны