Паважаны спадар Сяргей Ціханоўскі!Беларускі дом ва Украіне сачыў за Вашым з’яўленнем на YouTube і з …

Паважаны спадар Сяргей Ціханоўскі!

Беларускі дом ва Украіне сачыў за Вашым з’яўленнем на YouTube і з цікавасцю выслухаў Ваш зварот. Мы рады, што Вы зноў на сувязі з грамадскасцю і пачынаеце новы этап дзейнасці.

З жніўня 2020 года Беларускі дом ва Украіне заўсёды быў і застаецца месцам, дзе беларусы знаходзяць падтрымку, салідарнасць і волю да зменаў. Да пачатку поўнамаштабнай вайны мы актыўна ладзілі сустрэчы, падтрымлівалі палітвязняў, займаліся адукацыйнай і культурніцкай працай. Цяпер жа асноўная частка нашай дзейнасці накіраваная на дапамогу беларусам, якія ваююць у шыхтах украінскіх сіл супраць расейскай агрэсіі.

Мы былі б вельмі рады сустрэцца з Вамі ў Кіеве. Гэта магчымасць адкрыта паразмаўляць, падзяліцца досведам, а таксама пачуць Вашую пазіцыю наконт далейшага шляху.

Разам з тым, мусім шчыра адзначыць: ва ўмовах вайны мы не маем магчымасці фінансава падтрымаць Вашу ініцыятыву. Наадварот, будзем удзячныя, калі Вы і Ваша аўдыторыя зможаце аказаць падтрымку тым, хто цяпер абараняе не толькі Украіну, але і гонар Беларусі на полі бою — беларусам, што ваююць у складзе добраахвотніцкіх фармаванняў.

Будзем удзячныя, калі вы зможаце паведаміць, на якіх умовах магчымая Ваша паездка, і што з боку прымаючага боку неабходна забяспечыць. Мы адкрытыя да абмеркавання і гатовыя разам шукаць рэалістычнае і ўзаемапрымальнае рашэнне.

Салідарнасць не бывае аднабаковай. Мы перакананыя, што толькі праз узаемную падтрымку і супольную справу мы зможам наблізіць вольную Беларусь.

З павагай, Каманда Беларускага дома ва Украіне.