«Раство прарокаў»
«А гэта сталася, каб споўнілася сказанае Госпадам праз прарока…».
Як часта мы чытаем гэты і падобныя выразы ў Евангеллях, у прыватнасці ў апавяданнях пра Нараджэнне Хрыстова! Яны сведчаць аб адной вельмі важнай для веры справе: старазапаветныя прароцтвы з дзіўнай дакладнасцю прадказалі і запавядалі шматлікія факты, звязаныя з жыццём і місіяй Ісуса Хрыста, пачынаючы ад Яго зачацця і нараджэння ад Дзевы і заканчваючы Яго пакутніцкай смерцю на Крыжы. Менавіта гэтыя прароцтвы і іх надзвычайная дакладнасць з’яўляюцца найлепшым доказам боскай прыроды Ісуса Хрыста і боскага паходжання плана збаўлення, які Бог Айцец здзейсніў праз свайго Сына ў супрацоўніцтве Святога Духа.
Словы прарокаў асвятлялі гістарычны шлях чалавецтва, якое «хадзіла ў цемры… і жыло ў засені смерці» (Іс. 9, 1). Роля прароцтваў у Нараджэнні Хрыста настолькі важная, што некаторыя біблісты, а менавіта Джанфранка Равазі, нават кажа тут пра «Раство прарокаў» і тлумачаць: «Сярод цёмнай ночы гісторыі гучыць голас прарокаў. Аднак, на жаль, вушы людзей забітыя балбатнёй і глухатой эгаізму і не дазваляюць, каб у іх увайшлі палкія словы прароцтваў. Між тым евангеліст Мацвей для інтэрпрэтацыі падзей, звязаных з нараджэннем Ісуса, абапіраецца менавіта на гэтыя біблейскія постаці, якіх філосаф Карл Ясперс лічыў «найбольш арыгінальнымі духоўнымі і культурнымі феноменамі чалавецтва». Далей кардынал Равазі прыводзіць выказванне іншага знакамітага філосафа – Блэза Паскаля, які лічыў старазапаветныя прароцтвы найбольш пераканаўчым аргументам боскага паходжання Ісуса Хрыста: “Найбольшым доказам наконт асобы Ісуса Хрыста з’яўляюцца прароцтвы… Яны з’яўляюцца падрыхтоўкай да Нараджэння Ісуса, у Евангелле якога павінен быў паверыць увесь свет. Каб паверыць у Евангелле, патрэбны былі прароцтвы».
Сапраўды, існуе непарыўная ўзаемасувязь паміж Старым і Новым Запаветамі. Айцы Царквы казалі, што «Стары Запавет быў “цяжарны” Ісусам Хрыстом», тым самым падкрэсліваючы, што для правільнага і поўнага разумення жыцця і збаўчай справы Госпада Ісуса трэба абавязкова паглыбіцца ў старазапаветныя абяцанні, звязаныя з Яго асобай. Нават сам Ісус Хрыстос заахвочваў апосталаў і таксама сваіх апанентаў з адкрытым сэрцам пазнаваць і вывучаць тэксты Святога Пісання, каб убачыць у іх таямнічы Божы план, які павінен быў здзейсніцца ў Яго Уцелаўленні і Пасхальным пераходзе ад смерці да жыцця праз Уваскрасенне: “Разгледзьце Пісанні, бо вы думаеце, што маеце ў іх жыццё вечнае; а яны — гэта тое, што сведчыць пра Мяне. Але да Мяне не хочаце ісці, каб мець жыццё.” (Ян. 5:39-40) Так, у Святой Літургіі мы называем Ісуса «выкананнем Закона і прарокаў», просячы Яго адначасова, каб Ён напоўніў нашы сэрцы «радасцю і вяселлем».
Аднак, каб правільна зразумець Святое Пісанне, недастаткова выкарыстоўваць толькі свае чалавечыя здольнасці і прыродны розум. Святое Пісанне было напісана пад натхненнем Духа Святога, і толькі ў Духу Святым, які з’яўляецца таксама Духам Царквы, мы атрымліваем святло для