Мікалай – адзін з самых шанаваных святых хрысціянскага свету. Пагалоска аб справах Мікалая Цудатворцы, які ратуе ад бедаў і прыносіць падарункі, значна апярэджвае веды пра тое, кім жа на самай справе быў св. Мікалай.
Зацікаўленне ў першую чаргу справамі св. Мікалая, а не падрабязнасцямі яго жыцця – рыса характэрная не толькі для сучаснасці, але і для IV стагоддзя, у якім жыў святы. Таму запіс «Дзеянняў» святога з’явіўся ўжо неўзабаве пасля смерці Мікалая, а вось на напісанне першага жыція спатрэбілася яшчэ паўтысячагоддзя.
З самай старажытнай гісторыі пра Мікалая пад назвай «Дзеі пра военачальнікаў» (верагодна, напісанай паміж 340-400 г.) мы даведаемся, што Мікалай быў біскупам горада Міры ў часы імператара Канстанціна Вялікага (+337). Таму яго прынята называць Мірлікійскім. Партовы горад Міры быў сэрцам усёй рымскай правінцыі Лікія ў Малой Азіі, якая цяпер з’яўляецца тэрыторыяй Турцыі.
У «Дзеях пра военачальнікаў» Мікалай выступае руплівым абаронцам слабых, нявінных і вязняў. Ён абараняе жыхароў горада ад лютавання імперскіх салдат, ратуе ад несправядлівай кары смерцю трох зняволеных жыхароў Міраў. А ягонае заступніцтва настолькі ўражвае прысутных пры гэтым імперскіх военачальнікаў, што яны самі, апынуўшыся за паклёп у вязніцы і за крок ад смерці, згадваюць у малітвах св. Мікалая, і праз яго цудоўнае з’яўленне імператару ў сне – застаюцца жывымі і апраўданымі. Дзякуючы «Дзеям» таксама даведваемся, што Мікалай памёр прыкладна ў 334 г.
Археалагічныя даследаванні паказваюць, што Мікалай быў пахаваны на могілках каля паўднёвай сцяны горада Міры, а ўжо ў V ст. на месцы яго пахавання быў пабудаваны храм. Слава пра Мікалая распаўсюджвалася паступова, магчыма, гэтаму спрыялі маракі, якія спыняліся ў партовым горадзе.
У IX стагоддзі напісаныя і першыя Жыціі, якія захаваліся да нашых дзён, і ўсталёўваецца іканаграфія святога як «чалавека з чырванаватым тварам і сівымі валасамі».
З жыцій мы даведваемся пра Мікалаева трохі новага: ён паходзіў з горада Патары, што непадалёку ад Міраў. Як хрысціянін ён падвяргаўся ганенням падчас праўлення імператара Дыяклетыяна (+311) і доўгі час правёў у зняволенні. Магчыма, тое, як Мікалай засведчыў веру ў часы ганенняў, і прывяло яго да біскупскага служэння ў горадзе Міры ўжо ў сталым узросце. Праўдападобнае таксама паданне, як пасля вялікай засухі і голаду ў 333 г. біскупу Мікалаю ўдалося ўпрасіць маракоў, якія везлі збожжа з Егіпта, пакінуць частку збожжа ў Мірах, што выратавала горад ад голаду.
Безумоўна, жыціі Цудатворца, якія паходзяць з 2 тыс., утрымліваюць значна больш вычарпальныя звесткі пра біяграфію Мікалая. Аднак аўтары гэтых жыццяпісаў несвядома запазычваюць для апісання біяграфіі Мікалая жыццё іншага чалавека – Мікалая Сіёнскага, які жыў у Лікіі ў VI ст. Некаторыя іншыя звесткі, якія могуць мець пад сабой гістарычную аснову і датычацца св. Мікалая Мірлікійскага, ах утаны легендамі.