​​Пяць гадоў за кратамі Павел Севярынец, чалавек шчыры ва ўсім: у веры, у поглядах, у любові да сям’…

​​Пяць гадоў за кратамі Павел Севярынец, чалавек шчыры ва ўсім: у веры, у поглядах, у любові да сям’і і любові да Беларусі. Паўла спачатку асудзілі на 7 гадоў, потым перавялі на турэмны рэжым (бо занадта “нязручным” ён быў у калоніі, занадта аб’ядноўваў і натхняў іншых вязняў). Яго кнігі прызнаныя экстрэмісцкімі, бацька памёр, не дачакаўшыся сына, а маленькі Францішак расце без бацькі.

Мабыць, вернікам прасцей, бо пакутніцтва – частка хрысціянскай культуры. Паўла заўсёды ўзгадваюць як верніка, і вера мае вялікае значэнне ў яго жыцці. Нават на турэмных малюнках Паўла, тых, што калісьці вырваліся на волю і ператварыліся ў паштоўкі, – храмы Беларусі. А яшчэ на  малюнках – неба і аблокі, і трава, і карункавыя дрэвы. І святло.

Часам рэлігіі яднаюць краіны і нацыі, часам правакуюць нянавісць паміж народамі. У Беларусі ж здаўна побач мірна жывуць і вернікі розных канфесій, і атэісты. Усіх нас яднаюць тыя аблокі, і тое неба. І святло, што так трапна алоўкі Паўла перанеслі на паперу. Усіх нас яднае любоў да Беларусі.

Мы можам верыць ці не верыць у рознае, але ўсе мы верым у Беларусь. І такія людзі, як Павел Севярынец, заўсёды нагадваюць пра нашую веру.

Свабоду Паўлу Севярынцу!
Свабоду ўсім палітвязням!
Жыве Беларусь!