У XI ст., пасля заняпаду Міраў з-за пастаянных набегаў сельджукаў, мошчы святога перавозяць у італь…

У XI ст., пасля заняпаду Міраў з-за пастаянных набегаў сельджукаў, мошчы святога перавозяць у італьянскі горад Бары, дзе яны знаходзяцца дагэтуль. У сярэдзіне ХХ ст. была праведзена экспертыза, якая дэманструе, што парэшткі належаць чалавеку гадоў сямідзесяці, які жыў у 4 ст. Ён харчаваўся пераважна расліннай ежай і за сваё жыццё перанёс шэраг складаных траўмаў і хвароб. Гэтыя траўмы і хваробы маглі быць вынікам працяглага знаходжання ў кепскіх турэмных умовах.

Перанясенне мошчаў у Бары не мае адзінай і адназначнай ацэнкі ў розных Цэрквах. Калі для візантыйцаў гэта ў першую чаргу ўспрымалася як выкраданне мошчаў, то для грэкаў паўднёвай Італіі, славянаў і італьянцаў перанясенне мошчаў у Бары з’яўляецца іх выратаваннем, якое спрыяла распаўсюджванню славы св. Мікалая на хрысціянскім Захадзе, а ў гонар гэтай падзеі было ўстаноўлена і свята, якое адзначаецца 9 мая.

На прыкладзе стаўлення да перанясення мошчаў святога Мікалая можна бачыць, што славяне, хаця і адбыўся фармальны раскол паміж Заходняй і Усходняй Цэрквамі ў 1054 г., не надавалі гэтаму расколу асаблівай увагі. Таму яны ўспрымалі перанясенне мошчаў святога Мікалая як дзеянне, якое адбываецца ў межах адной паўсюднай Царквы, каб захаваць магчымасць ушанавання святога, а не як выкраданне святога Рымскай Царквой у Царквы Канстанцінопальскай.

Перанясенне мошчаў у Бары і распаўсюджванне, дзякуючы намаганням гараджан, традыцыі ўшанавання Мікалая па ўсёй Еўропе, прывяло да таго, што св. Мікалаю стала належаць функцыя даравання падарункаў дзецям. Гэтая традыцыя пачала распаўсюджвацца з 12 ст. Так, напрыклад, французскія манахіні ў дзень св. Мікалая дарылі сіротам падарункі.

Фармальна прычынай, звязанай з жыццём святога, паводле якой сам Мікалай дорыць падарункі, звычайна называюць легендарную гісторыю пра выратаванне Мікалаем трох дзяўчат ад долі распусніц, якім святы своечасова дапамог грашыма. Гэтая гісторыя, несумненна, мела свой уплыў, але варта таксама звярнуць увагу і на тое, што ўжо самае старажытнае апавяданне «Дзеяў» Мікалая глыбока звязана з тэмай падарункаў.

Абяцаннем падарункаў ад сябе Мікалай спыняе жаўнераў, якія здзекаваліся з жыхароў Міраў. З-за няправедных дароў – хабароў – чыніцца несправядлівасць і асуджаюцца на смерць невінаватыя, якіх абараняе Мікалай, выкрываючы хабарнікаў. У рэшце рэшт сам Мікалай, пасля таго, як дакарыў імператару і прыстрашыў Хрыстовым Судом, атрымлівае ў падарунак ад Канстанціна Евангелле ў залатой аправе.

Таму Мікалай здаўна быў прыкладам святога, які ўмее дарыць падарункі, робячы дабро, выкрываць зло, якое паходзіць ад дароў няправедных, і прымаць падарункі ад тых, хто шануе Бога.

Эдуард Берднік