Ісус усклікаў: «Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў» (Лк 5, 32). А таксама: …

Ісус усклікаў: «Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў» (Лк 5, 32). А таксама: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым» (Мц 9, 12). Такім жа чынам Ісус прыйшоў шукаць згубленую авечку. Акрамя таго, Ён быў пасланы да згубленых авечак дому Ізраіля. Такім жа чынам праз прыпавесць пра драхму Ён ясна сказаў, што прыйшоў вярнуць вобраз, які быў пакрыты найбольш агідным брудам грахоў. Нарэшце: «Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся» (Лк 15, 7).

Згадаем таксама іншую прыпавесць пра вандроўніка, які патрапіў у рукі злачынцаў, быў дашчэнту абрабаваны, паранены і кінуты напаўжывы. Добры самаранін намасціў яго алеем і віном і, пасадзіўшы на сваю жывёлу, адвёз яго ў карчму, і забяспечыў яму неабходную апеку, паабяцаўшы пры вяртанні пакрыць дадатковыя выдаткі.

Таму і найлепшы айцец схіляецца над марнатраўным сынам. Ён абдымае таго, хто ў пакаянні вяртаецца да яго, і зноў упрыгожвае яго айцоўскай славай, не згадваючы ніякіх ранейшых учынкаў і правінаў.

З гэтай жа прычыны Добры Пастыр знаходзіць авечку, якая адбілася ад Божага статку і блукала па гарах і ўзгорках. Ён не падганяе яе і не пагражае, але, не шкадуючы высілку, не проста заводзіць яе ў аўчарню, але бярэ на рукі і міласціва вяртае яе да рэшты статку.

Таму Хрыстос усклікаў: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11, 28). І далей: «Вазьміце ярмо Маё на сябе» (Мц 11, 29), – называючы ярмом Свае запаведзі ці жыццё, натхнёнае евангельскімі прынцыпамі. А цяжар пакаяння, які можа здавацца цяжкім, называе лёгкiм: «Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі» (Мц 11, 30).

Павучаючы наконт Божай справядлівасці і дабрыні, згадвае, кажучы: «Будзьце святымі, будзьце дасканалымі, будзьце міласэрнымі, як міласэрны Айцец ваш Нябесны» (пар. Лк 6, 37). І далей: «Прабачайце, і прабачаць вам» (Лк 6, 37), – і нарэшце: «Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце» (Мц 7, 12).

Св. Максім Вызнаўца