«Вось надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі ўстанаўлю з домам Ізраіля новы запавет <…> Укладу…

«Вось надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі ўстанаўлю з домам Ізраіля новы запавет <…> Укладу закон Мой у нутро іхняе і напішу яго на іхніх сэрцах, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам… Бо ўсе, ад найменшага да найбольшага з іх, пазнаюць Мяне» (Ер 31, 31-34). Хрыстос устанавіў гэты новы запавет, а менавіта новы запавет у сваёй Крыві (пар. 1 Кар 11, 25), ствараючы з юдэяў і язычнікаў новы народ, які не паводле цела, але дзякуючы Духу павінен быў зрасціся ў адзінства і быць новым Божым народам. Бо той, хто верыць у Хрыста, адроджаны не з тленнага насення, а з нятленнага праз слова Бога жывога (пар. 1 Пт 1, 23), не з цела, але з вады і Духа Святога (пар. Ян 3, 5-6), устаноўлены нарэшце як «выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць… калісьці не народ, а цяпер народ Божы» (1 Пт 2, 9-10).

Галавой гэтага месіянскага народу з’яўляецца Хрыстос, «Які быў выданы за грахі нашыя і ўваскрэшаны дзеля апраўдання нашага» (Рым 4, 25), а цяпер, атрымаўшы імя па-над усякае імя, Ён валадарыць у славе на нябёсах. Гэты народ мае годнасць і свабоду дзяцей Божых, у сэрцах якіх Дух Святы жыве, быццам у святыні. Яго законам стала новая запаведзь: любіць, як Хрыстос палюбіў нас (пар. Ян 13, 34). Урэшце, яго мэта — Божае Валадарства, распачатае на зямлі самім Богам, якое павінна пашырацца далей, пакуль у канцы вякоў яно не будзе Ім споўнена, калі з’явіцца Хрыстос — жыццё наша (пар. Клс 3, 4), а «само стварэнне вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых» (Рым 8, 21). Такім чынам, той месіянскі народ, хоць і не ахоплівае цяпер усіх людзей, а часта нават аказваецца малой групай, з’яўляецца аднак магутным зачаткам еднасці, надзеі і збаўлення для ўсяго чалавецтва. Устаноўлены Хрыстом для супольнасці жыцця, любові і праўды, ён выкарыстоўваецца Ім як інструмент збаўлення ўсіх і пасланы да ўсяго свету як святло свету і соль зямлі (пар. Мц 5, 13-16).

Але як Ізраіль, які вандраваў праз пустыню, паводле цела ўжо названы Царквой Божай (Нм 13, 1; пар. Ліч 20, 4; Дрг 23, 1 і наст.), так і новы Ізраіль, які, жывучы ў цяперашнім веку, шукае будучага і трывалага горада (пар. Гбр 13, 14), таксама называецца Хрыстовай Царквой (пар. Мц 16, 18), бо Хрыстос набыў яе цаною ўласнай крыві (пар. Дз 20, 28), напоўніў сваім Духам і забяспечыў адпаведнымі сродкамі бачнага і грамадскага адзінства. Бог стварыў супольнасць тых, хто з верай глядзіць на Ісуса, Здзяйсняльніка збаўлення, крыніцу спакою і еднасці, і ўстанавіў Царкву, каб была для ўсіх і для кожнага бачным таінствам той збаўчай еднасці.

Дагматычная канстытуцыя пра Царкву «Lumen Gentium» Другога Ватыканскага сабора, 9