Я стаў падобным да вас, сапраўдным чалавекам з роду Абрагама, каб прыпадобніцца ва ўсім да братоў. Св. Павел добра разумеў гэта, калі казаў: «Паколькі дзеці маюць удзел у целе і крыві, таму ў іх падобным чынам прыняў удзел таксама Ісус, каб праз смерць нізрынуць таго, хто мае ўладу над смерцю, гэта значыць д’ябла» (Гбр 2, 14).
Інакш не мог бы быць нізрынуты той, хто мае ўладу над смерцю, а таксама і сама смерць, калі б Хрыстос не аддаў Самога Сябе за нас, адзін дзеля адкуплення ўсіх, бо Ён па-над усімі.
Таму ў адным з псальмаў гаворыць, прыносячы самога сябе як беззаганную ахвяру Богу і Айцу: «Ахвяры і прынашэння Ты не пажадаў, але адкрыў мне вушы. Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. Тады сказаў я: Вось іду» (Пс 40, 7-9).
Ісус быў укрыжаваны за ўсіх і дзеля ўсіх, каб, дзякуючы смерці аднаго за ўсіх, мы ўсе жылі ў Ім. І не мог падпарадкавацца смерці ці знішчэнню Той, Хто ёсць па сутнасці самім жыццём. Пра тое, што Хрыстос ахвяраваў Сваё цела дзеля жыцця свету, мы зноў даведваемся з Яго слоў, калі Ён кажа: «Ойча святы, сцеражы іх» (пар. Ян 17, 11). І зноў: «За іх Я пасвячаю ў ахвяру Самога Сябе» (пар. Ян 17, 19).
Пасяліўшыся ў чалавечым целе, жыццядайнае Божае Слова вярнула яго да свайго дабра, гэта значыць аднавіла да жыцця. Дзякуючы гэтай невыказнай лучнасці, Слова зрабіла яго жыццядайным, такім жа, як і Само ў Сваёй боскай сутнасці.
Таму цела Хрыста ажыўляе тых, хто ўдзельнічае ў Ім: яно праганяе смерць ад смяротных людзей і знішчае тленнасць, ствараючы ў сабе самім цудоўную сілу нятленнасці.
Св. Кірыла Александрыйскі