Першае, на што звяртаем увагу, уваходзячы ў храм, — гэта вялікая колькасць свяцільнікаў — носьбітаў святла — гэта і свечкі, і лампады, і панікадзіла (вялікая падвесная люстра са свечкамі). Вядома, яны маюць практычнае значэнне – напаўняюць прастору святлом. Але яны маюць і сімвалічны сэнс – святло падчас богаслужэнняў з’яўляецца сімвалам самога Хрыста – святла праўды, сонца праведнасці, незаходнага святла славы Айца.
Святло, якое напаўняе храм і ахінае нас падчас богаслужэнняў, павінна нагадваць нам, што Хрыстос заўсёды знаходзіцца пасярод нас. Ён жывы сярод нас і напаўняе нас сваёй прысутнасцю.
Важнае месца ў храме займае цэнтральны і самы старажытны хрысціянскі сімвал – крыж Гасподні. Гэта сімвал перамогі Хрыста над смерцю і ўваскрасення. Таму ён фактычна пазначае ўсе важныя аб’екты ў храме.
Таксама ў храме ёсць харугвы з вышытымі або намаляванымі іконамі. Харугвы пераважна прызначаны для працэсій. Тут не варта забываць, што хрысціянскае богаслужэнне, у прыватнасці візантыйскага абраду, можна сказаць, нарадзілася з працэсій, малітоўных шэсцяў, якія суправаджаліся спевамі і вызнаннем веры. Падчас гэтых шэсцяў здзяйсняліся важныя малітвы і гэтыя шэсці, як правіла, адзначалі важныя для хрысціян месцы. Сёння гэтых шэсцяў і працэсій у нас менш, але мы актыўна выкарыстоўваем харугвы падчас іх. Яны дэманструюць нашу веру ў Хрыста.
Тыя, хто бывае на Вялікай Вячэрні з Ліццёй, ведаюць, што напрыканцы богаслужэння адбываецца асвячэнне пяці хлябоў, віна, пшаніцы і алею, якія знаходзяцца на ліційніку — гэта адмысловая вялікая пасудзіна. Калісьці гэтае блаславенне ежы адбывалася дзеля таго, каб яе спажываць. Сёння гэтыя асвячаныя прадукты ўжываюць толькі падчас міравання.
Вельмі важным з’яўляецца посуд, прызначаны непасрэдна для таінства Найсвятой Эўхарыстыі. Гэта так званы эўхарыстычны набор — чаша, дыскас, ложыца, зорка, якія накрываюцца адмысловымі пакраўцамі — паветрамі.
На прастоле заўсёды ляжыць вялікае шаўковае або льняное палатно з выявай плашчаніцы — антымінс (ад грэч. — замест прастола). Боскую Літургію святар можа звяршаць толькі на антымінсе. Яго (антымінс) асвячае кіраўнік Царквы адзін раз у год – у Вялікі Чацвер, разам са святым мірам, і ўласнаручна падпісвае антымінс для канкрэтнага храма. Фактычна, антымінс — гэта такое запэўніванне/даручэнне ад біскупа – святару, што ён мае права звяршаць Боскую Літургію.
Зверху на антымінсе ляжыць ілітон (з грэч. — хустка), які сімвалізуе хустку, якой была пакрыта галава Збаўцы ў магіле.