Калі краінай кіруюць тэрарысты, то тэрор робіцца дзяржаўнай палітыкай. А тэрарыстам патрэбны ахвяры. Рэгулярна. Патрэбны слёзы, пакаяльныя відэа, прашэнні аб літасці, звароты да гэтак званага “прэзідэнта”.
Усе тыя людзі, затрыманыя напачатку лета 2020 г, таксама павінны былі стаць ахвярамі. Але не сталі. Нельга назваць таго, хто за чатыры гады катаванняў не зламаўся, ахвярай. Закладнік. Палонны. Баец. Герой. Не ахвяра.
Розныя людзі, розныя лёсы. Хтосьці быў ворагам рэжыма з самага пачатку, хтосьці нечакана з’явіўся ў беларускай палітычнай прасторы. Але. Іх аб’яднала жаданне перамен і разуменне таго, што перамены патрэбныя. Як і ўсіх беларусаў. А калі сінія пальцы пачалі душыць усё добрае і жывое, ніхто з тых самых першых арыштаваных не здрадзіў – ні народу, ні самому сабе. Не стаў сведчыць супраць іншых ці прасіць літасці, нават калі быў шанец.
Зараз пра іх амаль нічога не вядома. Няма ні лістоў, ні тэлефонных званкоў, ні сустрэч з роднымі. Галоўны тэрарыст не можа дараваць мужным людзям іх мужнасці: няхай цяпер думаюць, што пра іх забыліся. Няхай пра іх сапраўды забудуць. Няхай самі сябе забудуць.
Вось толькі ўсе ўсё помняць. І не толькі мы – пацукі таксама. Помняць, як іх гаспадар спалохаўся канкурэнцыі з банкірам і блогерам. Як ездзіў у сіза і прасіў іх выбачыцца, а яны не выбачаліся. І сам ён памятае, вядома ж, як замест ахвяр паказаў людзям герояў.
Свабоду героям!
Свабоду палітвязням!
А тэрарыстаў – пад суд.
Жыве Беларусь!