Прэшаўскі грэка-кататаліцкі біскуп Павел Гойдыч не адступіў ад Царквы ў часы камуністычнага пераследу ў Чэхаславакіі. Прайшоўшы турму, розныя катаванні — фізічныя і псіхалагічныя, памёр у вязніцы як мужны сведка Хрыста.
Пётр Гойдыч нарадзіўся 17 ліпеня 1888 года ў сям’і грэка-каталіцкага святара Стэфана Гойдыча і Ганны (Гэрбэры) у вёсцы Руске Пэкляны ва ўсходняй Славакіі.
Вучыўся ў семінарыі ў Прэшаве і Будапешце. Святарскія свячанні прыняў з рук біскупа Яна Вальі 27 жніўня 1911 года. Адразу пасля свячанняў ён працаваў у парафіі свайго бацькі вікарыем. Праз год атрымаў пасаду прэфекта ў епархіяльным інтэрнаце для моладзі. Адначасова выкладаў рэлігію ў школах Прэшава. Пазьней працаваў таксама ў епархіяльным архіве, быў вікарыем у прэшаўскай парафіі, адміністратарам парафіі ў Сабінаве, недалёка ад Прэшава, быў таксама дырэктарам біскупскай канцылярыі.
Усё сваё жыццё ён хацеў прысвяціць толькі Богу і малітве, і таму 20 ліпеня 1922 г. уступіў у манастыр Ордэна базыльянаў на Чарнечай Гары каля Мукачава (Закарпацце), якая ў тыя часы была часткай Чэхаславакіі. 27 студзеня 1923 г. ён быў дапушчаны да навіцыята і прыняў імя Павел. Ягоныя мары пра жыццё ў манаскай супольнасці аднак не споўніліся. 14 верасня 1926 г. Святая Сталіца намінавала яго Апостальскім адміністратарам Прэшаўскай епархіі.
Ужо 7 сакавіка 1927 г. Папа Пій XI менаваў яго тытулярным біскупам Гарпаскім, адначасова Павел Гойдыч заставаўся на пасадзе Адміністратара Прэшаўскай епархіі. Біскупскую сакру ён атрымаў у царкве св. Клімента ў Рыме 25 сакавіка 1927 г. з рук біскупаў Дыянісія Ньірадзі — Крыжавацкага біскупа з Югаславіі, Язафата Кацылоўскага — біскупа з Перамышля, што ў Польшчы, і Канстанціна Багаціўскага — Філадэльфійскага біскупа са Злучаных Штатаў Амерыкі. Яго біскупскім дэвізам сталі словы: «Бог ёсць любоў, будзем любіць Яго!»
На пасадзе біскупа Павел Гойдыч шмат зрабіў у розных жыццёвых накірунках: як літургічным, так у душпастырскім ды адміністрацыйным. Ён прыклаў намаганні, каб рознага роду богаслужэнні адпраўляліся паводле літургічных рубрык. Біскуп клапаціўся пра заснаванне новых грэка-каталіцкіх парафій, асабліва ў гарадах, такіх як Прага, Браціслава, каб людзі, якія ў пошуках працы пераязджалі ў вялікія гарады, не згубілі сваёй веры. У час ІІ сусветнай вайны, з прычыны нязгоды з тагачаснай нацыянальнай палітыкай Славацкай дзяржавы (бо лічыў сябе русінам), ён папрасіў Святую Сталіцу, каб звольніла яго з пасады адміністратара Прэшаўскай епархіі. Ватыкан звольніў яго ад абавязкаў адміністратара, але менаваў яго біскупам Прэшаўскім. Біскуп Павел і надалей шчыра й ахвотна працаваў у справе збаўлення душаў.
Аднак у 1950 г., 28 красавіка, у дзень, калі камуністы знішчылі Грэка-Каталіцкую Царкву ў Чэхаславакіі, ён быў ізаляваны ад сваёй паствы. Суд прызнаў яго вінаватым у шпіянажы для Ватыкану і прысудзіў пажыццёвае зняволенне ў вязніцы, пазней тэрмін быў «скарочаны» да 25 г