23 ліпеня ўшаноўваем Пачаеўскую ікону Багародзіцы Пачаеўская ікона Маці Божай вядомая шматлікімі цу…

23 ліпеня ўшаноўваем Пачаеўскую ікону Багародзіцы

Пачаеўская ікона Маці Божай вядомая шматлікімі цудамі, сярод якіх абарона Багародзіцай Пачаева (Цярнопальская вобласць, Украіна) ад нашэсця татараў. Гэтая цудатворная ікона Багародзіцы набыла асаблівую славу ў час, калі ва Успенскай Пачаеўскай лаўры неслі служэнне базыльяне. Дзякуючы шчодрай фундацыі старасты канеўскага Мікалая Васіля Патоцкага, яны збудавалі велічны манастырскі комплекс з саборам Успення Найсвяцейшай Багародзіцы ў стылі ракако. З тых часоў цудатворную ікону Маці Божай ушаноўваюць не толькі праваслаўныя, якім Пачаеўская лаўра належыць сёння, але і грэка- і рыма-католікі.

З 1712 па 1833 г. манастыр у Пачаеве быў адным з найбольш значных цэнтраў базыльянаў і ўсёй Уніяцкай Царквы. Тут з 1730 г. дзейнічала друкарня, у якой выдадзена 187 кніг. У гэты перыяд у манастырскай хроніцы занатаваныя 539 выпадкаў ацалення пасля малітваў перад іконай Маці Божай.

У 1773 г. пры спрыянні протаархімандрыта базыльянаў і тагачаснага ігумена Пачаеўскага манастыра Парфіра Важынскага (які паходзіў з-пад Ашмянаў) Папа Рымскі Клімент XIV даў дазвол і блаславенне на каранаванне цудатворнай іконы Маці Божай у Пачаеве залатымі папскімі каронамі. Абрад каранацыі здзейсніў луцкі ўніяцкі біскуп Сільвестар Рудніцкі. Ва ўрачыстай цырымоніі каранацыі цудатворнай іконы ўдзельнічалі каля тысячы каталіцкіх святароў візантыйскага і лацінскага абрадаў і амаль 100 тысячаў вернікаў.

У 1866 г. для цудатворнай іконы была выраблена рыза з двух фунтаў чыстага золата 82-й пробы і 20 залатых манет. Для ўпрыгожвання выкарыстаныя каштоўныя камяні.

Абраз Пачаеўскай Божай Маці, якая лічыцца нябеснай заступніцай Валыні, вельмі папулярны па ўсёй Украіне, а таксама ў суседніх краінах. Пачаеўская ікона Маці Божай здаўна вядомая і шанаваная вернікамі ў Беларусі, спісы гэтай іконы знаходзяцца ў многіх храмах, асабліва на Заходнім Палессі. Адносіцца да іканаграфічнага тыпу «Замілаванне». На спісах Пачаеўскай іконы Багародзіцы ўнізе іконы часта малююць манастыр або след на скале, ахутанай аблокамі — як памяць пра паданне пра з’яўленне Маці Божай на Пачаеўскай гары, дзе застаўся след Яе нагі.