Базыльяне – ці не адзіны манаскі ордэн, які быў створаны на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь.
Менавіта ў Нагародавічах (у тагачасных крыніцах – Навагродавічах), у маёнтку мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і Ўсёй Русі Іосіфа Вельяміна-Руцкага, 20-26 ліпеня 1617 года (роўна 407 гадоў таму) сабраліся прадстаўнікі Віленскага, Навагрудскага, Мінскага, Жыровіцкага і Быценскага манастыроў.
На Нагародавіцкім пасяджэнні (капітуле) было абвешчана аб стварэнні базыльянскага ордэна. На 10 сесіях капітулы былі абмеркаваны самыя важныя пытанні. Сярод найбольш цікавых: уніфікацыя знешняга выгляду манахаў (“шапка падшытая лісамі, з вузкай бабровай аблямоўкай”, “валасы доўгія, хоць за каўнер, але не болей, бароды ані стрыгчы, ані галіць, а толькі раўняць”), забарона агульных лазняў, якія існавалі пры некаторых манастырах – мыцца толькі паасобку, утрыманне школ для свецкай моладзі ў Навагрудку і Мінску. Ну і канешне ж амыслова былі разгледжаны нормы ўжывання айцамі і братамі піва.
Цалкам публікацыю ўсіх 31 пунктаў Нагародавіцкай капітулы 1617 г. (як і пазнейшых капітул ордэна) можна знайсці ў 12-м томе “Археографіческого сборніка документов…”.
У сярэдзіне 1630-х Іосіф Вельямін-Руцкі прадаў Нагародавічы Булгакам, а асноўны свой родавы маёнтак Руту адпісаў Кіеўскай мітраполіі.
Як сцвярджаецца ў літаратуры, у Нагародавічах існаваў і кальвінскі збор, перароблены пазней у скарбец (бацькі будучага мітрапаліта і сам ён гадоў да 20-ці былі кальвіністамі). У савецкія часы, як водзіцца, ён быў разбураны.
Асобная парафія з царквой былі заснаваны ў Нагародавічах толькі ў сярэдзіне 18 ст.
Дзяніс Лісейчыкаў