Гэтае ўрачыстае вяртаньне сьвятых мошчаў архібіскупа Язафата ў яго катэдру сьв. Сафіі ў Полацку сталася пачаткам аднаўленьня моцна пацярпелай Уніяцкай Царквы і духоўнага адраджэньня народу пасьля перажытай катастрофы.
Пасьля Паўночнай вайны мошчы сьв. Язафата апынуліся ва ўладаньнях Радзівілаў у Белай, і там яны захоўваліся да Першай сусьветнай вайны. Вярнуць у Полацак удалося тады толькі частку рэліквіяў сьвятога.
У Каталіцкай Царкве ўспамін сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, пасьля яго беатыфікацыі 16 траўня 1643 г. Папам Рымскім Урбанам VIII, быў прызначаны на 12 лістапада, калі ён прыняў мучаніцкую сьмерць у Віцебску. Але ў Рэчы Паспалітай урачыстае ўшанаваньне памяці сьвятога Язафата ва Ўніяцкай Царкве згодна з рашэньнем Замойскага сіноду (1720 г.) было перанесенае з дня яго мучаніцкай сьмерці на 16 верасьня, пасьля сьвята Крыжаўзвышэньня. У гэты дзень адбываліся ўрачыстыя працэсіі вуліцамі Вільні і іншых гарадоў і мястэчак ВКЛ.