Калі ж мы збіраемся з братамі і разам са святаром Бога здзяйсняем святыя абрады, трэба памятаць пра сціпласць і парадак. Не будзем вымаўляць нашыя малітвы бяздумна і не будзем шматслоўнымі ў просьбе, якую трэба даручыць Богу з усёй сціпласцю і пашанаю. Таму што Бог слухае сэрца, а не язык. Той, хто пранікае ў думкі, не патрабуе спешкі. Сам Госпад кажа пра гэта ў словах: «Навошта задумваеце зло ў сэрцах вашых?» (Мц 9, 4). І ў іншым месцы: «І пазнаюць усе цэрквы, што Я той, хто даследуе нутро і сэрцы» (Ап 2, 23).
Ганна, якая з’яўляецца вобразам Царквы, прыслухоўвалася, як чытаем у Першай кнізе Валадарстваў, да гэтай парады. Малілася да Бога ў цішыні, у пакоры, у глыбіні свайго сэрца, а не гучным заклікам. Яе малітва была ўтоеная, але вера яўная. Малілася не вуснамі, але сэрцам, бо добра ведала, што Бог чуе такую малітву. Атрымала тое, аб чым з надзеяй прасіла. Пацвярджае гэта Святое Пісанне ў словах: «Ганна ж казала ў сэрцы сваім; хоць яе вусны варушыліся, голасу яе не было чуваць. І Госпад выслухаў яе» (пар. 1 Сам 1, 13). Тое ж чытаем у псальме: «Прамаўляйце ў сэрцах вашых і пакутуйце ў дамах сваіх» (пар. Пс 4, 5). Тое ж самае раіць нам Дух Святы праз прарока Ерамію і кажа: «Цябе, о Госпадзе, належыць праслаўляць у духу» (пар. Вар 6, 5).
Браты ўмілаваныя! Той, хто моліцца, павінен памятаць, як маліўся ў святыні мытнік побач з фарысеем. Не ўздымаў ганарліва вочы і не раскладаў узнёсла рукі, але біў сябе ў грудзі і, вызнаючы свае ўкрытыя грахі, клікаў на дапамогу Божую міласэрнасць. І хоць фарысей быў цалкам задаволены сабою, але больш на апраўданне заслужыў мытнік, які маліўся без спадзявання на сваю бязвіннасць, бо няма нікога без віны. Маліўся з пакораю, вызнаючы грахі, і выслухаў яго той, хто пакорным удзяляе міласэрнасць.
св. Кіпрыян