Апостал дня Дарагія, пішу да вас ужо другі ліст і стараюся ў ім ажывіць ваш здаровы розум і памяць…

*

Апостал дня

Дарагія, пішу да вас ужо другі ліст і стараюся ў ім ажывіць ваш здаровы розум і памяць, каб вы памяталі словы, якія ўжо даўно былі сказаныя сьвятымі прарокамі, і запаведзь Госпада і Збаўцы, перададзеную вам апосталамі.

Перадусім ведайце, што ў апошнія дні прыйдуць паклёпнікі з кпінамі, каторыя будуць хадзіць паводле сваіх пажаданьняў і будуць пытацца: “Дзе ж абяцаньне Ягонага прыходу? Вось з тога часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку сьвету”. Бо ня ведаюць тыя, што думаюць гэтак, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала, ды што праз яе той сьвет загінуў, затоплены вадою. А цяперашнія неба і зямлю тое самае слова захавала для агню на дзень суду і загубу бязбожных людзей.

Няхай для вас, дарагія, ня будзе тайнай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень. Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы для вас, ня хочучы нічыёй загубы, але хочучы ўсіх давесьці да навяртаньня. Як злодзей, прыйдзе дзень Госпадаў, у каторым неба з шумам вялікім праміне, стыхіі ў агні растопяцца, а зямля і ўсе творы на ёй згараць.

Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці, калі чакаеце і стараецеся прыскорыць прыход дня Божага, у якім нябёсы, палымнеючы, счэзнуць, і стыхіі ў агні растопяцца. Аднак, паводле абяцаньня мы чакаем новага неба і новай зямлі, у якіх жыве справядлівасьць. Дзеля таго, дарагія, чакаючы гэтага, старайцеся быць неапаганенымі і беспахібнымі, каб (Ён) застаў вас у супакоі.

І доўгацярплівасьць Госпада нашага лічыце за збаўленную, як і наш дарагі брат Павел у сваёй мудрасьці напісаў вам, і ва ўсіх лістах аб гэтым гаворыць, у якіх ёсьць некаторыя справы цяжкія для разуменьня, якія людзі недавучаныя і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісаньні, на сваю загубу. Дык вы, дарагія, аб гэтым папярэджаныя, сьцеражыцеся, каб ня ўблытацца ў аблуду, і не адпасьці ад свайго ўмацаваньня. Дык узрастайце ў ласцы і пазнаньні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасьці. Амін. (2 Пт. 3, 1-18)