“Польскі генерал: Напад на дзяржавы Балтыі адпрацуюць на вучэннях «Захад-2025».Расея перад нападам н…

“Польскі генерал: Напад на дзяржавы Балтыі адпрацуюць на вучэннях «Захад-2025».

Расея перад нападам на дзяржавы Балтыі адпрацуе гэты сцэнар у межах вучэнняў «Захад-2025», – так лічыць польскі дывізійны генерал у адстаўцы Leo Komornicki. Калі Масква можа распачаць агрэсіўныя дзеі супраць NATO з тэрыторыі Беларусі? Якая можа быць роля Узброеных сілаў Беларусі і рэжыму Лукашэнкі ў такой аперацыі? Пра гэта – у маім інтэрв’ю з былым намеснікам шэфа генеральнага штабу Войска Польскага.

С.П.: Спадар генерал, Вы даволі рэгулярна звяртаеце ўвагу на тое, што рызыка расейскай агрэсіі супраць краінаў Балтыі ці супраць NATO ў цэлым рэальная, адчувальная і непазбежная і што, магчыма, нават сёлета Расея паспрабуе праверыць адзінства Альянсу. Адкуль вашая перакананасць? Чаму, на вашую думку, гэта можа адбыцца ў гэтым годзе?

– Па-першае, калі казаць пра гэты рэгіён, які знаходзіцца тут, на мяжы з Расеяй, я маю на ўвазе Польшчу, а таксама краіны Балтыі, і ў святле вайны, якая працягваецца ва Украіне, то, на маю думку, лепшай магчымасці і стымулу для правядзення такой аперацыі і нападу на краіны Балтыі ў Расеі не будзе. Гэтая магчымасць можа доўжыцца да пяці гадоў, бо, вядома, гэта не толькі проста цяпер. Бо ні Еўропа, ні Злучаныя Штаты не будуць гатовыя цягам пяці гадоў распачаць вайну з Расеяй, адказаць тым, чым павінны на гэта адказаць. А Злучаныя Штаты ў выпадку нападу Расеі на краіны Балтыі, гэта значыць, паводле артыкулу 5 NATO, не здолеюць адказаць, бо яны не гатовыя да вайны з Расеяй. І Расея бачыць гэтую магчымасць менавіта з гэтай прычыны. Бо мы не гатовыя. Мы можам быць гатовыя праз пяць гадоў. Злучаныя Штаты і Еўропа змогуць аднавіць свой патэнцыял і рэсурсы. Тады, праз пяць год, ужо такой магчымасці больш не будзе. Расея тады будзе баяцца праводзіць такую аперацыю.

Што да артыкулу 5 NATO, Расея бачыць, што ён больш не будзе працаваць у значнай ступені, і таму пачынаць такую агрэсію трэба тады, калі Еўропа слабая. Пяты артыкул, верагодна, не спрацуе. Злучаныя Штаты не зацікаўленыя ў вайне з Расеяй і не гатовыя, бо ў іх ёсць пагрозы ў заходняй частцы Ціхага акіяну, яны таксама ўцягнутыя ў справы на Блізкім Усходзе.

Таму Крэмль, наносячы ўдар, праверыць пакт NATO, і, на маю думку, артыкул 5 не спрацуе, NATO не прыйдзе на дапамогу ў гэтай сітуацыі. Гэта мая ацэнка, бо, па-першае, дзяржавы не гатовыя, а па-другое, заходнія грамадствы ў значнай ступені таксама павінны, так бы мовіць, выказаць сваю згоду, быць гатовымі да вайны з Расеяй. А яны не гатовыя, бо яны не гатовыя пакінуць сваю зону камфорту і пайсці на вайну.

А для Расеі злучэнне сваёй тэрыторыі праз краіны Балтыі з Калінінградскай вобласцю ёсць мэтаю. Сёння гэтая наступная мэта, можна сказаць, палітычная і стратэгічная ваенная. Гэтая аперацыя не патрабуе значных сілаў. Гэта невялікія сілы, бо патэнцыял гэтых краінаў невялікі, але таксама войскі ЗША ці войскі NATO, размешчаныя ў краінах Балтыі, можна сказаць, толькі сімвалічна, на маю думку, не будуць ваяваць. Яны не будуць гатовыя, нават калі б былі, яны не гатовыя да такога ваеннага сутыкнення. Вядома, гэтым дзеям будзе папярэднічаць, на маю думку, адпрацоўка гэтага сцэнара ў межах вучэнняў «Захад-2025».

С.П.: Значыць, спачатку яны адпрацуюць сцэнар?

– Так, і патэнцыял у Беларусі ўжо назапашаны. Пра гэта паведамляе ўкраінская выведка. Лукашэнка таксама быў на палігоне і таксама сказаў, маўляў, «мы рыхтуем вучэнні і гэтак далей, мы павінны быць гатовыя». Ён таксама сказаў гэта з такой нібыта неахвотаю. Але ён сказаў, што тут нешта рыхтуецца. Гэтак жа, як і перад нападам на Украіну, Расея правяла вучэнні, якія былі падпарадкаваныя адпрацоўцы сцэнароў нападу на Украіну. Аналагічна гэтым разам вучэнні будуць падпарадкаваныя запланаванаму нападу на краіны Балтыі.

С.П.: Як гэта, на вашую думку, магло б выглядаць? Літва – цэль нумар адзін ці, можа, Расея атакуе Латвію, каб разбіць краіны Балтыі пасярэдзіне? Як такая сітуацыя можа выглядаць на практыцы?