ЛАЗАВОЕЧастка 2Бой пачаўся ў 6 гадзін раніцы 27 траўня. Пачаўся з рову рухавікоў украінскіх БМП і іх…

ЛАЗАВОЕ

Частка 2

Бой пачаўся ў 6 гадзін раніцы 27 траўня. Пачаўся з рову рухавікоў украінскіх БМП і іх “дуэлі” з бронетэхнікай ворага.

Пад гукі боя мы асцярожна прайшлі па лесу крок у крок, не закрануў ні адной расцяжкі, ні падарваўшыся ні на адной міне і выйшлі да сяла Лазавога, акупаванага рускімі.

Сяло Лазавое – мертвае сяло. Падчас бою я пабачыў невялікія хаткі-мазанкі, якія стаялі без дахаў. Адзіная і галоўная вуліца – звычайная грунтавая дарога па абодва бакі якой ў зелені і хаваліся тыясамыя паўразбураныя хаткі. У цэнтры справа была руская “распалага”.

Група, у якой я знаходзіўся, была замыкаючай і ў нашу задачу, першапачаткова, ўваходзіла быць у рэзерве і адначасова прыкрываць тыл ад магчымага з’яўлення ворага.

Мы засталіся на ўскрайку леса прыкрываць нашых мінаметчыкаў. Лазавое было недзе ўперадзе справа. Перад намі праз поле быў бачны пералесак за якім было сяло Білогірка, падкантрольнае рускім. З таго боку магла быць контратака з удзелам танкаў і пехоты. Таму мы адразу пачалі акапвацца ў гэтым накірунку.

У Лазавым, якое нам трэба было адбіць у рускіх, пачаўся стралковы бой нашых хлопцаў. Грукатаў кулямет “Тора”. На полі за сялом змагаліся БМП ЗСУ.

Па рацыі прайшла інфармацыя аб з’яўленні верталетаў. Першы раз гэта былі нашы, потым верталеты рускіх. Мы не бачылі ні тых ні другіх, але нашы ПЗРК-ашнікі гатовы былі збіць варожы верталет, з’явіся ен у межах дасягальнасьці.

Спеў птушак падчас бою – гэта было даволі нечакана для мяне.

Успомніўся радок з песні: “здесь птицы не поют…” – на самой справе птушкі пелі ва ўсю моц! Ім не заміналі ні мінаметныя разрывы рускіх мін, ні свіст пралятаючых у паветры снарадаў, ні магутныя па сваіх дэцэбэлах разрывы танкавых снарадаў ворага, што білі па сялу.