ЛАЗАВОЕЧастка 9Вельмі моцна хацелася спаць. Тым больш планавалася ўтрымліваць сяло ўсю ноч і ўвесь н…

ЛАЗАВОЕ

Частка 9

Вельмі моцна хацелася спаць. Тым больш планавалася ўтрымліваць сяло ўсю ноч і ўвесь наступны дзень.

Я спрабаваў падрамаць у вялікім акопе-варонке за мазанкай. У яго набілася чалавек дзесяць. Спроба падрамаць седзячы ў акопе, апіраючыся на аўтамат, не была паспяховай.

Над намі раз у 10 хвілін пралятаў адзін-два танкавых снарада. І па рускай рацыі мы чулі: “пералет 1 кіламетр” (за намі была нізіна).

Гэта быў, мабыць, адзіны раз падчас бою, калі ўнутры мяне шавяльнулася халодная змяя прадчування-разліку. Сваей метадычнасьцю, не атрымоўваючы агонь у адказ, у канчатковым выніку рускія дасягнуць сваей мэты і накрыюць нас трапным танкавым стрэлам.

Я выйшаў з акопа і стаў глядзець месца дзе можна было проста легчы і трошкі паспаць. Нават проста на зямлі пад “зяленкай” (каб не бачылі дроны). Я прылег у мазанцы на рускім матрасе ў поўнай амуніцыі. Але гэта быў добры арыентыр для абстрэлу і таму дрэнны варыянт.

Я знайшоў варонку ля дарогі. Там ляжаў чыйсьці заплечнік. Прылег на яе адхіле. Твар накрыў каскай – каб у выпадку прылета аскепка ен нанес меншыя пашкоджанні.

Танк страляў усе ніжэй і дакладней па распалазе. Лінія агню якраз пралягала над “маей” варонкай. Не лепшае месца я абраў. Сон не ішоў. Стрэлы былі ўсе дакладней. Я прыняў рашэнне перамясціцца ў бок і проста легчы паспаць на зямлі пад якім-небудзь дрэвам.

Перамясціўшыся на метраў 20, я ўбачыў нешта накшталт склепа ніжэй за ўзровень зямлі з адкрытым верхам. Спусціўся ў яго па ўцалеўшых прыступках. І, прысланіўшыся да сцяны, выкладзенай з пяшчаніка, паспрабаваў паспаць.

Танкавы абстрэл не спыняўся. Я не ведаю колькі прайшло часу, але пасля аднаго пападання я пачуў крыкі і слова “Эвакуацыя!”.

Я выбраўся са склепа, падбег да сваіх – кагосьці выносілі на насілках да завеўшайся ўкраінскай БМП. Я пачаў ўглядацца ў твар параненага і пазнаў “С..” – яго параніла аскепкам у жывот.

“С..” на насілках данеслі да БМП і ўкраінцы спешна эвакуіравалі яго на ім. Мы засталіся без украінцаў.

Я падыйшоў да вялікага акопу-варонкі з нашымі. І сказаў, што знайшоў добрае месца ўкрыцца ад абстрэла. Ніхто не стаў мяняць пазіцыю. І я адзін вярнуўся ў свой утульны склеп з надзеяй хоць трошкі паспаць. На дарозе, метрах у пяці ад варонкі, што я аблюбаваў раней, я ўбачыў след ад разрыву танкавага снараду.