Частка 8
Вайна – гэта трафеі.
У адрозненні ад марадзерства, якое, безумоўна, павінна строга адсякацца, трафеі на вайне – цалкам звычайная справа. Гэта пакінутая зброя ворага і іншыя рэчы, кінутыя ім пры адступленні.
Аднымі з самых каштоўных нашых трафеяў былі аднаразовыя супрацьтанкавыя гранатаметы разлічных мадыфікацый і ПТУР.
А яшчэ – вада – гэта той рэсурс, які на вайне вельмі важны і якога заўседы не хапае. Мае запасы вады скончыліся яшчэ а дзевятай гадзіне раніцы.
Пяцілітровік вады, знойдзены ў рускай распалазе, мы выпілі за вельмі кароткі час. Есьці асабліва не хацелася. Але недахоп вады, праз каласальныя выдаткі энэргіі, адчуваўся падчас усей аперацыі.
Вайна – гэта акопы.
Вельмі шмат параненняў і смярцей адбываецца ад траплення аскепкаў.
Прыкладна ў 15 гадзін 27 траўня 2022-га сяло Лазавое было пад поўным нашым кантролем.
Два разы ў камандзіраў “Брэста” і “Пацука” я адпрошваўся вярнуцца назад да сваей групы “Лысага”, якая на той момант перамясцілася на ўскраек сяла разам з мінаметным разлікам. Але два разы мне адмаўлялі і пакідалі ў распалазе.
Мінаметны абстрэл не сціхаў. Дадаткова да яго пачаўся танкавы абстрэл нашай пазіцыі. Па нашых дадзеных на нас рускія адцягнулі каля 11 адзінак бронетэхнікі, у тым ліку некалькі танкаў Т-72.
Танкі мы не бачылі. Яны безпакарана расстрэльвалі нашу пазіцыю ў захопленай рускай распалазе з недасяжнай для нас адлегласьці ў некалькі кіламетраў.
З намі на той момант яшчэ было каля дзясятка украінскіх жаўнераў, якія прыехалі на БМП.