ЛАЗАВОЕЧастка 14Быў момант, калі я раптоўна заўважыў ці то гук, ці то варушэнне ў поцемках лесу. Літ…

ЛАЗАВОЕ

Частка 14

Быў момант, калі я раптоўна заўважыў ці то гук, ці то варушэнне ў поцемках лесу. Літаральна ў 10 метрах ад сябе. “Дзядзька” з “Брэстам” прайшлі ўжо наперад.

Я адразу прыпаў на калена і направіў зняты з засцерагальніка аўтамат. Там былі людзі. За долю імгнення я зразумеў, што калі б то былі рускія, нас бы ўжо пакасілі аўтаматнымі чэргамі і таму я не адкрыў агонь. Па-добраму мне трэба было адразу крыкнуць слова-пароль. Але я аклікнуў “Дзядзьку”.

Яны з “Брэстам” спыніліся. Зразумелі, што ў лесе хтосьці есьць і “Дзядзька” крыкнуў слова-пароль. Адказ быў адразу. Ен быў правільны – то былі ўкраінскія жаўнеры. Яны нам сказалі, што наш паранены ляжыць ля дарогі метрах у 300-500 ад гэтага месца.

“Брэст” папрасіў дапамагчы з эвакуацыяй. Адзін з жаўнераў сказаў, што трэба было б запытаць у ротнага.

Чакаць не было часу, таму “Брэст” аблаяў яго на чым свет стаіць і мы рушылі далей.

Праз нейкі час, насустрач “Дзядзьке” і “Брэсту” выйшлі два ўзброеных чалавекі. На фоне цямнеючага неба немагчыма было разгледзець знакі адрознення. Таксама ў спускаўшайся цемры немагчыма было пабачыць ці есць у іх жоўтая паласа на рукавах.

Я трохі перамясціўся ў права і лег на зямлю так, каб навесьці “мушку” аўтамата на незнаемцаў і пры гэтым, у выпадку стральбы, не закрануць сваіх.

“Дзядзька” крыкнуў слова-пароль. У адказ: “Сваі!” (Гэта не верны адказ).
“Якія сваі!? “….”! (слова-пароль). Правільнага адказа зноў не было. Сітуацыя накалялася. Шанец, што гэта вораг быў вельмі вялікі. Толькі цудам мы не адкрылі агонь адзін па аднаму.

Гэты момант я неаднаразова ўспамінаў потым, калі даведаўся пра падрабязнасьці гібелі “Брэста” пад Лісічанскам. Калі яны з хлопцамі такім жа чынам выйшлі на рускіх, капаўшых акопы і не было зразумела хто перад імі – рускія ці ўкраінцы.