ЛАЗАВОЕЧастка 13Але “Брэст” – малайчына! Ен даў загад хлопцам групамі рухацца да ракі і пераходзіць …

ЛАЗАВОЕ

Частка 13

Але “Брэст” – малайчына! Ен даў загад хлопцам групамі рухацца да ракі і пераходзіць яе ў брод. Галоўным прызначыў, здаецца, “Я..”.

Сам “Брэст” і “Дзядзька” ішлі на пошукі афіцэра. Мы ў гэты час стаялі на ўзлеску.

І калі “Дзядзька” з “Брэстам” праходзілі міма мяне, я зняў заплечнік “Брэста” (раней я ўзяў яго каб дапамагчы “Лешаму”, які нес 60-ці міліметровы мінамет), “трубу” і іншую ношу. Зрабіў пару крокаў у бок “Брэста” і “Дзядзькі”, маючы намер пайсьці з імі.

Як раз у гэты момант “Дзядзька” запытаў: “Хто яшчэ пойдзе?”. Я, як у школе, падняў руку – “Я!”.

Гэта адбылося ў канцы калоны. “Дзядзька” папрасіў знайсьці насілкі. Але іх ні ў каго не знайшлося. Толькі праз 50 метраў як мы адышліся мяне нагнаў “Т..” і перадаў мяккія насілкі.

“Дзядзька” і “Брэст” ішлі наперадзе. Я атрымаў загад ісьці ў 10 метрах далей і, у выпадку чаго, прыкрыць агнем. Шарэла. Мы ішлі ўздоўж леса па дарозе. Справа праз поле была рака. “Брэст” увесь час гучна, па рацыі, вызываў параненага афіцэра.

Пару разоў наперадзе чулася стралкатня аўтаматных чэргаў. І невядома было свае там ці чужыя.

У нейкі момант пры вызаве афіцэра па рацыі мы пачалі чуць перыядычныя адзіночныя пісталетныя стрэлы недзе перад сабой на пэўнай адлегласьці. Метрах у 700. Гэта паранены афіцэр арыентаваў нас аб месцы свайго знаходжання.

Хтосьці з нашых хлопцаў, што пайшлі на пераправу, потым ужо падзяліўся са мной сваімі ўражаннямі пра тыя стрэлы – ен тады падумаў, што гэта рускія дабіваюць параненых.