Дарога на вайнуАповед 8: – Извините, а можно спросить кто вы и есть ли у вас документы?Я вярнуўся на…

Дарога на вайну
Аповед 8: – Извините, а можно спросить кто вы и есть ли у вас документы?


Я вярнуўся на запраўку. Нажаль, у пакеце з сімкай не было чым адчыняць тэлефон, каб яе ўставіць. Сяжу ля разеткі, спрабую нешта зрабіць з тэлефонам. Побач дзьве мае паклажы.

Падыходзіць украінскі падлетак гадоў 17-ці. Шчыра, з такім выразам у вачах, што бачна колькі мужнасьці яму каштавала гэта зрабіць, пытае: “Извините, а можно спросить кто вы и есть ли у вас документы?”

“Знаеш, я не должен показывать тебе свои документы, но понимаю твоё беспокойство и поэтому покажу”, – прыкладна так я адказаў яму. Але хлопец папрасіў пачакаць і праз хвіліну вярнуўся з 2-а ці 3-а дружыньнікамі ў цывільным з жоўта-блакітнымі павязкамі. Яны задалі тое самае пытаньне. Патэлефанавалі ў свой штаб.

Затым прыехаў бусік і мы з імі паехалі ў “Штаб АТО” – менавіта такая шыльда вісела над імправізаваным падабенствам паліцэйскага пастарунка.

Тут сталыя ваенныя (бачна адстаўнікі) планавалі дзеяньні па арганізацыі тэрытарыяльнай абароны і састаўлялі графік патруляваньня вуліц дружыньнікамі.

Сталыя “генералы” доўга высвятлялі як праверыць ці я шпіён, а калі не, то чым магу быць ім карысны. (Мяне нават вадзілі ў іхнюю бухгалтэрыю – савецкага тыпажу мэбля была адзін у адзін як у нашых бухгалтараў-матэрыялістаў на чыгунцы ў Баранавіцкім НГЧ-2, дзе я працаваў з 2003 да 2016 года) Яны доўга высвятлялі як праверыць ці шпіён я, а калі не шпіён, то як я магу ім дапамагчы. Мусілі везьці ў СБУ, але не было вольнай машыны. Думалі выклікаць паліцыю.

Адзін з іх кіраўніцтва запытаў у мяне: “А правда, что Лукашенко проиграл выборы?”

Па выніку вырашылі выклікаць паліцыю.