Дарога на вайнуАповед 9: – У вас такое происходит, а к нам с вашей земли летят ракеты, которые убива…

Дарога на вайну
Аповед 9: – У вас такое происходит, а к нам с вашей земли летят ракеты, которые убивают женщин и детей!


Прыехала паліцыя. 5 чалавек!!! З калашамі. Двое хлопцаў і тры жанчыны. Першы раз прагледзелі ці няма ў маіх рэчах зброі ці выбухоўкі. Запыталіся хто я, адкуль і куды.

Я даў паліцэйскім нумар тэлефона, што атрымаў ад украінскага вайсковага, які раніцай сказаў мне аб загадзе беларусаў не браць.

Жанчына-паліцэйская патэлефанавала туды. Гэта быў кантакт кагосьці з палка “Азоў”. Там запыталі: ці ёсьць у мяне баявы досвед. Я адказаў, што няма, але гатовы навучыцца. Адказалі, што толькі з досведам. Аднак у войску я не служыў (аб чым і напісаў два дні таму ва ўкраінскай амбасадзе ў Вільні, запаўняючы анкету).

Зразумела, што пасля ўсіх гэтых акалічнасьцяў і пераверак гаворка пайшла пра сітуацыю ў Беларусі.

Каб вы разумелі я заўсёды намагаўся распавядаць украінцам што не беларусы далі дазвол расейцам напасьць на Украіну, а лукашысты. Што нас, беларусаў, ужо другі год саджаюць, катуюць, забіваюць, выціскаюць за мяжу за тое, што мы ўзняліся супраць нелегітымнага антыбеларускага рэжыма Лукашэнкі. Што Беларусь двойчы акупаваная краіна (рэжымам з 2020-га канчаткова і рускімі з 2022-га). І што сапраўдныя беларусы ніколі не давалі згоды на ўварваньне расейцаў са сваёй зямлі.

І тут адбыўся вельмі эмацыйны момант, якога я аніяк не чакаў. Я сядзеў на скураной канапе і распавядаў як цяжка зараз беларусам у Беларусі пад цяжарам рэпрэсій. Побач са мной сядзела жанчына-паліцэйская з аўтаматам. З яе вачэй раптам паліліся слёзы: “У вас такое происходит, а к нам с вашей земли летят ракеты, которые убивают женщин и детей!”…

Потым мяне адвезлі на паліцэйскай машыне ў СБУ горада Явараў. Са мной ніхто не размаўляў – проста “прабілі” мяне па базе. Я быў “чысты”. Параілі паліцэйскім перадаць мяне ў ваенкамат, які быў непадалёку праз барыкаду з мяхоў, запоўненых пяском.