Ужо 21 лістапада 2022, знаходзячыся ў Часовым Яры пад Бахмутам, я запісаў свой досвед пра важнасьць …

Ужо 21 лістапада 2022, знаходзячыся ў Часовым Яры пад Бахмутам, я запісаў свой досвед пра важнасьць якаснага абутка на вайне:

Абутак – адна з самых галоўных рэчаў на вайне. Ён павінен быць толькі якасным!

Гэта ўяўленьне ў мяне было сфарміравана з фільмаў пра другую сусветную. Яно толькі зацвердзілася праз асабісты вопыт падчас удзелу ў баявых дзеяньнях ва Украіне.

Калі я першы раз паехаў ва Украіну, у мяне ў наяўнасьці з абутку, які можна ўзяць з сабой, былі толькі красоўкі.

3 сакавіка 2022-га, 4 гадзіны да ад’езду ва Украіне: у бліжэйшых крамах я не знайшоў падыходзячы абутак – ён быў танны і якасьць, відавочна, была такая, што хапіла бы максімум на тыдзень-другі інтэнсіўнага выкарыстаньня.

І толькі ў спецыялізаванай краме я знайшоў тактычны абутак маркі “Lowa” за… 180 еўра! Пазычыў грошы ў Натальлі Калегавай. І купіў тыя бацінкі, ужо з клумкамі ў руках, па дарозе да ўкраінскай амбасады.

Спераду падэшва заходзіла на нос абутку, абараняючы яго ад пашкоджаньняў. А ўздоўж усяго перыметру меўся ахоўны рант.

“Lowa” я аднасіў, амаль не здымаючы, 3,5 месяцы без аніводнага мазаля.

Яны пабачылі Вільню, Польшчу, украінскія Явараў, Львоў, Кіеў, Мікалаеў, Лазавое, Лісічанск.

У іх я бегаў, займаўся тактыкай, рабіў марш-кідкі, фарсіраваў раку, ішоў у бой. Яны вытрымалі ўсё! Я ані воднага разу не пашкадаваў аб іх набыцьці.

Зараз яны ў Вільні – на заслужаным адпачынку (мо калі ў мірным жыцьці прыйдзецца ў паход пайсьці).