Я быў упэўнены, што мяне звольняць з працы. Бо каму трэба такі супрацоўнік, які бярэ і ўсё кідае ў а…

Я быў упэўнены, што мяне звольняць з працы. Бо каму трэба такі супрацоўнік, які бярэ і ўсё кідае ў адзін дзень. Для мяне было важна сыйсьці па-чалавечы.

Так, як і я сам вучыў сваіх кіроўцаў у таксі ў Беларусі: “Зямля круглая. Калі вырашыце сыйсьці – сыходзьце так, каб потым, калі вам спатрэбіцца вярнуцца, вам не сорамна было прасіцца назад (дарэчы, некаторыя потым вярталіся да мяне). У ідэале – каб вас прасілі вярнуцца”. І прыводзіў свой прыклад сыхода з чыгункі ў 2015-2016 гадах: я тады не ўзяў назапашаны адпачынак у 45 дзён, каб зрабіць гадавыя справаздачы і не пакідаць хвастоў. І мне праз год намеснік кіраўніка і начальнік аддзела кадраў тэлефанавалі з прапановай вярнуцца. Праўда, пры гэтым, я дадаваў, паўжартліва сваім кіроўцам: “у выніку я аказаўся дурнем, бо згубіў частку сваіх нерваў і не атрымаў грашовую матэрыяльную падтрымку, якая згарае, калі ты не выкарыстоўваеш свой адпачынак (даведаўся я пра гэта постфактум)”.

Вярнуўшыся з амбасады я паведаміў свайму кіраўніцтву аб прынятым рашэньні.
На маё вялікае здзіўленьне мяне не толькі адмовіліся звальняць але і падтрымалі маё рашэньне. У мяне нават слёзы навярнуліся ад нечаканай падтрымкі беларусаў і літоўцаў з маёй фірмы. (Праўда, пасля гэтага беларусы з маёй фірмы спынілі ўсялякія стасункі са мной з-за пагражаючага ім і іх сваякам пераследу з боку нелегітымнага рэжыма лукашэнкі. І толькі некалькі чалавек ананімна скідваліся нам на цеплавізар; лазарны дальнамер для вызначэньня дыстанцыі да цэлі; манакуляр, праз які глядзеў у Бахмуце нават “Мыш”).

З HR-мэнэджарам Алінай Артыкбаевай (грамадзянка Літвы) мы падтрымлівалі кантакт напрацягу ўсяго часу майго знаходжаньня ва Украіне. Падтрымліваем яго і зараз. Яна шчыра цікавілася маім жыцьцём і дапамагала вырашаць пытаньні з “Sodra”, якая налічыла мне 1000 еўра запазычанасьці за час майго знаходжаньня на вайне. (“Sodra” адмовілася скасоўваць запазычанасьць за абавязковыя медычныя ўнёскі, “бо я грамадзянін Беларусі і абараняць Украіну – маё асабістае жаданьне”. Пры гэтым грамадзянам Украіны літоўскі закон прадугледжваў скасаваньне запазычанасьці ў такім выпадку).