Люба да апошняга спадзявалася, што я перадумаю. Яна, спачатку, не адгаворвала мяне ехаць, але прасіл…

Люба да апошняга спадзявалася, што я перадумаю. Яна, спачатку, не адгаворвала мяне ехаць, але прасіла пачакаць тры дні і паехаць з іншымі хлопцамі (спойлер: тыя хлопцы альбо не паехалі, альбо даехалі на сваёй машыне да ўкраінскай мяжы, падабралі там украінскіх уцекачоў і з імі вярнуліся назад з пачуцьцём часткова выкананага абавязка).

Люба спадзявалася, што я перадумаю.

Вечарам мы пайшлі са знаёмымі ў бар “Šnekutis” на Šv. Mikalojaus g.15 на піва. Тады ў ім яшчэ вісеў бел-чырвона-белы сцяг з “Пагоняй” (у 2023 годзе яго знялі праз “літоўскі літвінізм”) побач з украінскім сцягам. Там мы пазнаёміліся з трыма ўкраінцамі: жонкай з мужам і ягонай сястрой. Яны некалькі гадоў жылі ў Гішпаніі дзе і пазнаёміліся, а зараз перабраліся ў Вільню.

Яны ўсёй душой быццам бы падтрымлівалі Украіну і былі ўдзячны нам за нашае рашэньне (мае знаёмыя таксама збіраліся на вайну на пару дзён пазней за мяне (але так і не даехалі). Памятаю словы таго ўкраінца: “Я не гатовы ехаць бараніць Украіну. Мой дом ужо тут. Але, калі рускія прыйдуць сюды, у Вільню, я вазьму зброю ў рукі, каб бараніць свій новы дом”.

“Не возьмеш ты зброю ў рукі. Пабяжыш шукаць іншы дом”, – падумаў тады я пра яго.

Потым мы, я, Люба, Алег “22” (Алег Цітоў) і ягоны прыяцель, зайшлі ў мой былы нумар 21 гатэля “Real House” да Наташы “Мунгардэн” (да, так мы запаміналі між сабою знаёмых беларусаў. “Мунгардэн” – гэта гатэль ля Вострай брамы, дзе я здымаў нумар вясной 2021 года). У Наташы Шэмяковай (“Мунгардэн”) у той момант гасьцяваў яе прыяцель – мужчына трохі старэйшы за мяне. Спакойны, разважлівы палітычны беларускі эмігрант як і ўсе мы. Ён жыў у гэтым жа гатэлі ў будынку насупраць. Не памятаю ягонае імя. Але праз месяц я даведаюся, што ён памёр. Яго знайшлі мёртвым на ягонай канапе. Здаецца сэрца.

“Не поехал на войну и умер в мирном Вильнюсе”, – падумаў тады я, знаходзячыся ў Кіеве, пра ягоны лёс.