Раптоўна. У гэты адзін момант пытаньне, якое другі дзень не пакідала мяне: “Што далей рабіць каб вызваліць Беларусь?” змянілася на іншае: “Ехаць на вайну ці не?”
У той дзень я недатэлефанаваўся да Алега Мяцеліцы. Атрымалася звязацца з ім толькі на наступны дзень – 1 сакавіка 2022. Ад яго я даведаўся, што яшчэ некалькі беларусаў Вільні запісалася альбо планавалі запісацца ва ўкраінскай амбасадзе. Сярод іх быў мой былы сусед па гатэлю “Real House” Алег Цітоў (“Олег 22” быў запісаны ён на маім тэлефоне па нумару ягонага пакою ў гатэлі) і ягоны сябр. Збіралася запісацца ў якасьці медычнай сястры жонка Алега Мяцеліцы – Алеся Буневіч.
Ад Мяцеліцы я атрымаў інфармацыю якім чынам можна запісацца і высветліў, што для гэтага не патрабуецца вайсковы досвед.
У той дзень я працаваў з дома. Люба была на працы да вечара.
Я не мог сканцэнтравацца на працы. Да вечара я ўзважваў усе за і супраць: Ехаць на вайну абараняць Кіеў ці не?