Другая сустрэча адбылася ў сярэдзіне студзеня 2022 года. У літоўскі офіс айцішнай кампаніі, дзе я тады працаваў на прашпекце Канстытуцыі, прыйшоў з лекцыяй пра падзеі 13 студзеня 1991 каля Віленскай тэлевежы літоўскі афіцэр. Ён быў удзельнікам тых падзей.
Я трошкі спазніўся яго паслухаць праз працоўны “міт”. Але, на прыканцы, задаў яму тое самае пытаньне, што і Томасу Венцлаве пару месяцаў назад: “Што вы параіце беларусам сёньня, каб вярнуцца вольнымі беларусамі ў вольную Беларусь?”
Адказ літоўскага афіцэра амаль супадаў з адказам Томаса Венцлавы. Толькі не было выкарыстана слова “гегемон”. Мая памяць не захавала дакладных ягоных слоў. Калі пераказваць сваімі словамі, то адказ прагучаў так: “Беларусь адновіць сваю незалежнасьць толькі праз аслабленую расею”.