Напад на Украіну. З маёй беларускай зямлі. Без маёй згоды. Мужнасьць абаронцаў Украіны.З гэтага часу…

Напад на Украіну. З маёй беларускай зямлі. Без маёй згоды. Мужнасьць абаронцаў Украіны.

З гэтага часу слова “расея” я пішу з маленькай літары і атаясамліваю яго з імперскай формай існаваньня гэтай знявечанай імперскім комплексам дзяржавы. Дзяржавы, якая маючы неахопныя тэрыторыі, лічыць, што ёй іх мала. Дзяржавы, якая маючы багатыя прыродныя рэсурсы, ухітрылася загнаць у галечу свой народ. Народ, які жывучы ў галечы, мроіць аб акупацыі новых зямель і захопу чужых рэсурсаў. І не разумее, што сваіх тэрыторый і рэсурсаў у яго ўдосыль. Іх толькі трэба адабраць з рук сапраўднага ворага расейскага народа – яе нядбайных кіраўнікоў, траўмаваных распадам савецкага саюза і комплексам сваёй непаўнавартасьці. Навесьці парадак на сваёй расейскай зямлі, а не шукаць яго на землях суседзяў.

24-27 лютага 2022 года. Гэтыя першыя тры дні паўнамаштабнага ўторгненьня сталі для мяне кропкай невяртаньня ў маім стаўленьні да расеі.

Расея стала для мяне, беларуса, ворагам нумар адзін на шляху да аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. Існуючая яе форма – імперская. І толькі знішчэньне альбо аслабленьне расеі (палітычнае, эканамічнае альбо вайсковае) як імперыі – важная перадумова, каб пазбавіць залежнасьці ад яе Беларусь. Важная але недастатковая без імкненьня і прагі да незалежнасьці самога народа Беларусі, самой беларускай нацыі.