Працоўныя будні.
аповед 24
Рэмарка ад аўтара.
– А дзе пра вайну? – запытаецеся вы мяне.
– А гэта і ёсьць пра вайну. – адкажу я. – Вайна – гэта не страляць увесь час са зброі.
Вайна – гэта куды глыбей, прасьцей і адначасова складаней, чым выжыць альбо загінуць.
Стральба са зброі ў пэўны момант становіцца звычайнай руцінай. Якая паўтараецца штораз і становіцца ледзь не механічнымі дзеяннямі, даведзенымі да аўтаматызма: загрузіць сапог, разгрузіць на пазіцыі, адпрацаваць па ворагу, загрузіць назад, выгрузіць на базе, пачысьціць.
Так, як і вам, было б не вельмі цікава і буднішна распавядаць мне пра сваю штодзённую працу, якая дазваляе вам існаваць – так і мне на той момант пачало здавацца, што мы робім штодзенную руцінную, часам ужо не цікавую (бо шмат пра яе ведаеш і няма куды развівацца ў гэтым накірунку) але неабходную працу.
Неабходную, каб існавала нацыя – украінская, а з ёй і беларуская. Не была вынішчана альбо добраахвотна-прымусова асімілявана імперскай руснёй.
Але не буду засмучаць тых, хто чакае “крыві”. Яна будзе ў маіх аповедах у хуткім часе, калі мы пераедзем ва ўкраінскі Нью-Ёрк.