У цэнтры выбітных твораў мастацтва знаходзяцца героі сапраўдных ці прыдуманых Учынкаў. Думаю, што пе…

У цэнтры выбітных твораў мастацтва знаходзяцца героі сапраўдных ці прыдуманых Учынкаў. Думаю, што першыя творы мастацтва – малюнкі на сценах пячор ці першыя песні былі прысвечаны Учынкам герояў, якія ўратавалі сваіх супляменнікаў ад страшнага драпежніка ці, дзякуючы здабытай у небяспечным паляванні вялікай жывёле, – ад галоднай смерці.

Па сутнасці, сам Учынак з’яўляецца творам мастацтва – ён мае сваю фабулу, галоўнага героя, валодае драматизмам. Але драматычнае ўздзеянне Учынка большае, чым у мастацкага твора на аналагічную тэму. І яго актар, адрозна ад акцёра ў мастацкім творы, сапраўды валодае якасцямі, неабходнымі для Учынка, а не імітуе іх. Арыгінал заўсёды лепей за копію.

8. Учынак і рэлігія.

Кожная з сусветных рэлігій пачыналася з Учынка яе заснавальніка. Гэта – спроба Аўраама прынесці ў ахвяру любімага сына, адмова Буды ад багатага і бяспечнага жыцця, смяротна небяспечная выправа прарока Мухамеда з Медыны, свядомы выбар Ісусам Хрыстом пакутніцкай смерці на крыжы. Выбар, шматкроць паўтораны яго паслядоўнікамі, публічная пакутніцкая смерць якіх на рымскай арэне ўзняла хрысціянства над тагачаснымі рэлігіямі. Менавіта хрысціянства сфармавала маральныя нормы сучаснай цывілізацыі.

Без Учынка Хрыста свет быў бы іншым. Не думаю, што лепшым.

9. Учынак і нацыя.

Колькасць сфарміраваных нацый у свеце ў дзесяткі разоў меншая, чым колькасць чалавечых супольнасцяў са сваёй адметнай мовай і тэрыторыяй рассялення. Для стварэння і ўстойлівага існавання нацыі патрэбна яшчэ яе ідэалогія, якая абапіраецца на даўнюю нацыянальную гісторыю і Учынкі дзеля нацыі ў гэтай гісторыі. Нацыянальнае пачуццё грунтуецца на нашых родавых інстынктах прыналежнасці да свайго роду ці племені. Але гэтыя інстынкты могуць скіроўваць чалавека і да іншай нацыі, больш аўтарытэтнай і паспяховай за яго родную.

Каб нацыя не знікла, яна павінна ганарыцца сабой. Яна павінна ва ўсё часы мець сваіх герояў, свае Учынкі дзеля яе.

Пасля мінулага года я стаў меней хвалявацца за будучыню беларускай нацыі.

10. Учынак і ідэалогія.

Поспех ідэалогій пачынаецца з Учынкаў іх адэптаў. Гэта таксама тычыцца ідэалогій капіталізму і камунізму, якія ў першапачатковых крайніх формах маглі абапірацца на моцныя чалавечыя інстынкты сквапнасці (капіталізм) ці зайздрасці (камунізм). А таксама на матэрыяльныя інтарэсы ўплывовых ці шматлікіх сацыяльных слаёў. Але, для кансалідацыі прыхільнікаў, ім на пачатку, ўсё роўна, спатрэбілася Учынкі ідэалістаў дзеля абароны “свяшчэннага права ўласнасці” і свабоды эканамічнай дзейнасці альбо дзеля справядлівасці і “роўнасці ўсіх людзей”.

Ідэя свабоды не можа ў такою жа ступені абапірацца на чалавечыя інстынкты ці інтарэсы ўплывовых альбо масавых сацыяльных слаёў. Таму яе поспех у большай ступені залежыць ад Учынкаў тых, каму свабода неабходная, як паветра. Тых, хто “палівае дрэва свабоды”.

На завяршэнне.

Спадзяюся, што гэты тэкст дапаможа чытачу лепей зразумець сэнс Учынкаў і матывы тых, хто іх здзяйсняе. І, магчыма, падштурхне актараў Учынкаў да выказванняў па гэтай тэме. Такія выказванні дапамогуць беларусам і ўсяму свету глыбей асэнсаваць сутнасць працэсаў, што адбываюцца зараз у нашай краіне і з намі.

Я амаль не ўжываў прыкладаў з нашай сучаснасці. Але чытачы могуць самі запоўніць гэты прабел лепей за мяне.

Мікалай Статкевіч, г. Гомель, следчая турма нумар 3, 3-7 снежня 2021 г.