Кароткая тэорыя Учынка
Каб нацыя не знікла, яна павінна ганарыцца сабой.
Маральная эвалюцыя чалавецтва, цывілізацый, дзяржаў скіроўваецца самаахвярнымі альтруістычнымі ўчынкамі асоб, якія апынуліся ў сітуацыі маральнага выбару. Гэтыя Учынкі (так будзем называць іх далей) стварылі сусветныя рэлігіі, нацыі, ідэалогіі. Яны стаяць у цэнтры мастацтваў. Па-сутнасці, Учынкі – гэта першыя і першапачатковыя мастацкія творы. Разгледзім іх змест, матывы, віды, механізм уплыву і ролю.
1. Сутнасць і перадумовы Учынка.
Учынак – самаахвярнае, бескарыслівае і дабраахвотнае дзеянне асобы, якое апынулася ў сітуацыі маральнага выбару паміж самазахаваннем і ахвяраваннем сабой дзеля альтруістычных мэтаў. Учынак скіраваны на сцвярджэнне канкрэтных ідэалістычных каштоўнасцяў, на абарону пэўнай чалавечай супольнасці.
Перадумовай Учынка з’яўляецца наяўнасць у іх актара наступных якасцяў:
моцна выяўленых пачуццяў уласнага гонару і годнасці;
маральных нормаў і ідэалагічных перакананняў;
пачуцця адказнасці за пэўную чалавечую супольнасць;
моцнай волі.
2. Матывы Учынка.
Штуршком да Учынка з’яўляецца пагроза ідэалам асобы і правам ці існаванню чалавечай супольнасці, за якую яна адчувае адказнасць. Калі такая пагроза абражвае маральнае пачуццё асобы, калі бяздзеянне робіцца нясцерпным для яе гонару і годнасці, калі асоба валодае дастатковымі валявымі якасцямі, яна робіць выбар на карысць Учынка.
3. Віды Учынкаў.
Учынкі розняцца:
ступенню ахвярнасці іх актараў – дабрабытам, свабодай, жыццём;
падрыхтаванасцю – ад спантаннага (“на адрэналіне”) да доўга рыхтуемага;
працягласцю – ад аднамомантнага да працяглага на доўгі час (напрыклад, нязломнасць вязня);
маштабам уздзеяння – ад лакальнага да сусветнага.
4. Этапы ўздзеяння Учынка на грамадства.
1) Учынак спараджае эмацыйны водгук у аднадумцаў яго актара. Прыклад Учынка падштурхоўвае да яго паўтору тых, хто раней вагаўся перад маральным выбарам. Пачынаецца “ланцуговая рэакцыя” такіх учынкаў.
2) Для людзей усё каштуе столькі, колькі за гэта гатовы заплаціць. Калі за перакананні нехта ахвяруе сабой, то, значыць, гэта вельмі важныя і праўдзівыя перакананні. Недарэмна ж у Шылера сказана: “Справа дакладная, калі пад ёй бруіцца кроў”.
У адпаведнасці з такою логікай бескарыслівыя і самаахвярная Учынкі павышаюць аўтарытэт перакананняў і мэтаў іх актараў сярод раней абыякавых людзей. Колькасць прыхільнікаў гэтых перакананняў і мэтаў расце.
3) Каштоўнасці Учынка, калі яны не пярэчаць базавым патрэбам большасці, робяцца прызнаным маральным ідэалам супольнасці, дзеля якой ён быў здзейснены.
5. Пасіўная падтрымка Учынка.
Сітуацыі маральнага выбару, які стаў прычынай Учынка, можа ўвогуле не існаваць для пасіўнай большасці грамадства, пакуль не закрануты яе асабістыя матэрыяльныя інтарэсы. Калі ж Учынак паўтараецца рознымі людзьмі, калі ён робіцца вядомым большасці, а яго мэты супадаюць з яе інтарэсамі, то большасць пачынае пасіўна падтрымліваць мэты Учынка.
6. Ухіленне ад уздзеяння Учынка.
Часта актыўныя чальцы грамадства, нават падзяляючы мэты Учынка, не могуць стаць іх адкрытымі прыхільнікамі з-за страху негатыўных наступстваў для сябе. Каб захаваць самапавагу, яны звычайна выкарыстоўваюць наступныя стратэгіі ўхілення ад уздзеяння Учынка:
1) Ігнараванне Учынка – “Мне зараз не да таго”.
2) Дыскрэдытацыя актараў Учынка – “Гэта ўсё падстроена”, “Яны – агенты ўладаў”, “Яны за грошы працуюць на знешнія сілы”, “І тыя, і гэтыя аднолькавыя”, “Цяперашнія ўжо накраліся, а новыя пачнуць красці зноў”.
3) Дыскрэдытацыя Учынка – “Гэта нічога не дае”, “Гэта толькі падстаўляе людзей”, “Гэта правакуе рэпрэсіі”, “Гэтым могуць скарыстацца знешнія варожыя сілы” і г.д.
4) Пошук аб’ектыўных падстаў – “А хто будзе карміць маіх дзяцей”, “Без мяне мая справа загіне” і г.д.
Звычайна, першымі аргументы для дыскрэдытацыі Учынка і яго актараў яўна ці няяўна прапануюць праціўнікі яго каштоўнасцяў і мэтаў.
7. Учынак і мастацтва.