9 ліпеня 1906 года ва ўрочышчы Прыстанька каля вёскі Мікалаеўшчына адбыўся з’езд беларускіх настаўні…

9 ліпеня 1906 года ва ўрочышчы Прыстанька каля вёскі Мікалаеўшчына адбыўся з’езд беларускіх настаўнікаў, які арганізаваў Якуб Колас.

На сходзе былі выказаны думкі пра неабходнасць навучання дзяцей на беларускай мове, увядзенне бясплатнага навучання ў пачатковых школах, бяспраўнае становішча народнага настаўніка ва ўмовах царскага рэжыму, далучэнне да агульнарасійскага рэвалюцыйнага руху «Усерасійскі звяз настаўнікаў».

З пункту гледжання расійскай царскай адміністрацыі з’езд быў нелегальны і з 9 на 10 ліпеня ўсіх удзельнікаў арыштавалі і пазбавілі права настаўнічаць. Якуба Коласа судзілі і з 1908 па 1911 год ён адсядзеў у сумнавядомым Пішчалаўскім замку, дзе пачаў пісаць паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”.

Лепш тры гады праз дурноту ў турме адседзець, чым хвіліну на волі падлюгам быць. Што ж я мусіў зрабіць? Выказаць таварыша, на здраду пайсці? — узгадваў пазней паэт, як ён не выдаў свайго таварыша і ўзяў усю «віну на сябе».

Цікавы момант: за гады турмы ў Коласа з’явілася звычка не балбатаць лішняга.