На дадзены момант налічваецца 1236 палітвязняў, якія асуджаныя на розныя тэрміны абмежавання ці пазбаўлення волі, або ўтрымліваюцца ў СІЗА ў чаканні суда. За час пратэстаў дасылаць лісты салідарнасці палітвязням і насіць перадачы затрыманым у ізалятары стала нашай штодзённасцю. «Вясна» нагадвае пра магчымыя спосабы падтрымкі, каб не пакідаць палітвязняў сам-насам з рэпрэсіямі.
Лісты салідарнасці — наймацнейшая падтрымка звонку. Таму працягвайце падпісваць паштоўкі і дасылаць лісты са словамі падтрымкі. Чым больш лістоў прыйдзе на імя вязня, тым больш шанцаў, што ён атрымае хоця б некалькі з іх. Таксама памятайце, што ў канверт можна ўкласці канверты, маркі, каляровыя і звычайныя лісты, паштоўкі-размалёўкі, налепкі (гэта асабліва каштоўна), каляндарык, размалёўкі, малюнкі, квізы, віктарыны і многае іншае. Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы (добрая магчымасць для тых, хто з’ехаў з Беларусі): Майстэрню паштовак салідарнасці; ініцыятыву “Вклеточку” і письмо.бел.
Заказныя лісты. Калі цэнзар не прапусціць вашу вестачку, то вязень усё роўна пабачыць, ад каго яна была.
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
Даслаць вязням, у дачыненні да якіх прысуд яшчэ не вынесены ці не ўступіў у сілу, пасылку або бандэрольку з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
Можаце зрабіць грашовы перавод, каб палітвязні змаглі пачаставаць сабе прысмакамі з турэмнай крамы, а таксама набыць маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці. Адзначым, што гэта таксама можна зрабіць толькі тым, у дачыненні да каго прысуд яшчэ не быў вынесены ці не ўступіў у сілу, але сума на рахунку застанецца ў вязня нават пасля этапу ў месца зняволення або нават пасля вызвалення.
Не забывайце, што наша сіла — ў салідарнасці. Поўны і актуальны спіс палітвязняў — https://bit.ly/3rlk7fK.
Карысныя спасылкі:
Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”
“Наша сіла — у салідарнасці!” Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням
“Хачу напісаць вязню!” Распавядаем, як гэта зрабіць
Як рабіць грашовы перавод, як атаварваюцца вязні і што адбываецца з грашыма пасля вызвалення чалавека?