У 1994 Масква магла б рэальна паўплываць на карысьць Кебіча нават толькі адным, але вельмі эфэктным крокам.
Калі вы прачытаеце стэнаграмы тэлевыступаў і дэбатаў Кебіча і Лукашэнкі (а людзі майго пакаленьня памятаюць гэта і без стэнаграмаў), вы убачыце, што самай гарачай тэмай было – увядзеньне расейскага рубля. Так, большасьць насельніцтва прагла ўвядзеньня расейскага рубля яшчэ болей, чым вяртаньня ў СССР. Ён лічыўся (і быў) ў некалькі разоў мацнейшы за беларускага “зайчык” (абвал “зайчыка” быў стваораны штучна, гэта асобная тэма).
І Лукашэнка з Кебічам спрачаліся, хто хутчэй дамовіцца з Ельцыным пра ўвядзеньне расейскага рубля. Гэтая тэма чырвонай ніткай праходзіла праз усю выбарчую кампанію.
Кебіч ледзь не на каленях прасіў Чарнамырдзіна (тагачасны прэм’ер РФ) прыслаць у Менск хоць некалькі вагонаў расейскіх рублёў. Гэта ведалі і дэпутаты-кебічысты, і дэпутаты БНФ, і мне дзіўна, што пра гэта неяк хутка забыліся (пасьля перамогі Лукашэнкі тэма страціла актуальнасьць, але гісторыкі не павінны яе ігнараваць).
Гэтыя тры-чатыры вагоны не склалі б і 1/1000 часткі затратаў, якія праз паўгады Масква пачне выдаткоўваць на першую чачэнскую вайну.
У нейкі момант (ужо пасьля першага туру) Кебіч папрасіў Чарнамырдзіна прыслаць вагоны хаця б на некалькі дзён – пасьля выбараў бы іх, не разгружаючы, адправілі б назад, у Маскву.
Чарнамырдзін даў Кебічу смачны мужчынскі пацалунак (увекавечаны на класічным фота Сяргея Грыца), але выратаваць “крепкого хозяйственника» адмовіўся.
Ці забясьпечыў бы расейскі рубель перамогу Кебіча? Думаю, у другім туры выбараў – ужо не, а перад ім – магчыма. Што несумненна, адмова – дакладны паказчык рэальных ставак Масквы.
Чарнамырдзін Кебічу адмовіў, бо ў Лубянкі і адпаведна Крамля быў іншы фаварыт – Лукашэнка.