Што такое грынвошынг? У «Кропцы» мы паступова імкнемся да таго, каб прадукты, мыючыя сродкі і іншыя рэчы, якія мы выкарыстоўваем, былі бяспечнымі для людзей і наваколля. І тут важна памятаць, што не ўсе вытворцы аднолькава адказныя. Сёння пагаворым пра грынвошынг.
Грынвошынг (greenwashing) — гэта форма экалагічнага маркетынгу, якая ўводзіць спажыўца ў зман адносна экалагічнасці прадукцыі або паслуг.
Тэрмін з’явіўся ў 1986 годзе, калі было апісана, як гатэлі прапаноўвалі адмовіцца ад штодзённай замены бялізны, абгрунтоўваючы гэта клопатам пра каралавыя рыфы, хоць на самой справе гэта рабілася для эканоміі сродкаў, а гатэлі працягвалі забруджваць навакольнае асяроддзе.
Прыклады грынвошынга: Папяровая ўпакоўка. Вытворцы падкрэсліваюць яе экалагічнасць, але выраб паперы знішчае лясы і выкідвае парніковыя газы. Таксама пры вытворчасці паперы часта выкарыстоўваецца хлор для адбельвання.
Агульныя тэрміны. Словы «натуральны», «прыродны» і інш. могуць быць зманлівымі, бо не ўсё прыроднае бяспечна (напрыклад, уран, ртуць, мыш’як).
Чаму вытворцы ідуць на такія хітрыкі?Вытворцы хочуць захаваць лаяльнасць эка-зацікаўленай аўдыторыі, выкарыстоўваючы танныя матэрыялы, і прыцягнуць новых кліентаў, ствараючы ўражанне экалагічнага брэнда.
Як супрацьстаяць грынвошынгу:
Пазбягайце кампаній «fast fashion»
Купляйце ўжываныя рэчы, абменьвайцеся адзеннем з сябрамі (можна арганізаваць swap-party) або інвестуйце ў рэчы свядомых брэндаў
Навучыцеся распазнаваць сапраўдныя экалагічныя сертыфікаты
Пішыце лісты-звароты да карпарацый, калі бачыце, што яны несумленныя з пакупніком
Правярайце сцвярджэнні пра экалагічнасць прадукцыі
Выкарыстоўвайце дадаткі для праверкі экамаркіровак (напрыклад,
EcoLabelGuide)
Грынвошынг — гэта маніпуляцыя, і для барацьбы з ёй трэба быць інфармаваным і крытычным спажыўцом.
#карысна_ведаць