Breaking
22 Верас 2024, Няд

Ісці за Збаўцам – значыць удзельнічаць у збаўленні, а ісці за святлом – значыць знаходзіцца ў святле…

*

Ісці за Збаўцам – значыць удзельнічаць у збаўленні, а ісці за святлом – значыць знаходзіцца ў святле

Тыя, хто знаходзіцца ў святле, не самі асвятляюць, але асвятляюцца і апраменьваюцца святлом. Яны нічога не дадаюць да яго, але, прасякнутыя святлом, самі атрымліваюць дабрадзейства.

Так і з нашым служэннем Богу, якое нічога Яму не дадае і якога Ён ад нас зусім не патрабуе. Аднак тым, хто ідзе за Богам і служыць Яму, Ён дае жыццё, нятленнасць і вечную славу. Ён узнагароджвае іх сваімі дарамі за тое, што яны служаць Яму і ідуць за Ім; Сам нічога ад іх не прымае, бо Ён багаты, дасканалы і нічога не патрабуе.

Калі Ён чакае ад людзей служэння, то робіць гэта таму, што, будучы добрым і міласэрным, жадае рабіць свае дабрадзействы тым, хто Яму служыць. Наколькі Бог нікога не патрабуе, настолькі чалавеку неабходна супольнасць з Богам.

Слава чалавека заключаецца ў тым, каб вытрываць у пастаянным служэнні Богу. Таму Госпад і сказаў вучням: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас» (Ян 15, 16), маючы на ўвазе тое, што не яны праслаўляюць Яго, ідучы за Ім, але самі зведваюць славу ад Божага Сына, калі ідуць за Ім. Таму сказана: «Хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я ёсць, каб бачылі славу Маю» (пар. Ян 17, 24).

Св. Ірыней Ліёнскі