Большасць Праваслаўных і Грэка-Каталіцкіх Цэркваў свету 1 кастрычніка адзначаюць свята Покрыва Найсв…

Большасць Праваслаўных і Грэка-Каталіцкіх Цэркваў свету 1 кастрычніка адзначаюць свята Покрыва Найсвяцейшай Багародзіцы. Некаторыя Цэрквы, у прыватнасці, Грэцкая, маюць сваю традыцыю святкавання Покрыва.

Свята Покрыва для нас, славян, асаблівае. Мы спачатку ўдзельнічалі ў яго «стварэнні», а пазней захавалі святкаванне, калі яно было выкрэслена з богаслужбовых кніг у саміх грэкаў.

Наш удзел ва ўзнікненні свята быў даволі выпадковым, ахутаным легендамі, і заключаўся ён у разгроме славянскага язычніцкага войска падчас спробы штурму Канстанцінопаля ў 866 г. (па іншай версіі, у 860). Гэтая параза адбылася на водах каля «Багародзічнай» Влахернскай царквы, і таму канстанцінопальскі патрыярх Фоцій звязаў выратаванне Канстанцінопаля з Божай Маці, якая, як ласкавая Маці, ахінула Канстанцінопаль, пакрываючы і аберагаючы яго. Гэты вобраз «Ахоўнага Покрыва» быў звязаны не толькі з самой Божай Маці, але і з прысутнасцю Яе рызы ў Влахернскай царкве. Сама па сабе падзея выратавання не стала прычынай узнікнення свята Покрыва, але распаўсюдзіла ўяўленне пра Влахернскую царкву як месца, дзе можна знайсці абарону пад Покрывам Рызы Багародзіцы.

Па адной з верагодных версій, свята Покрыва было ўведзена Канстанцінопальскім патрыярхам Яўхімам у пач. Х ст. Адбылося гэта ў той час, калі Візантыйская імперыя цярпела балючыя ваенныя паразы, адной з якіх стаў напад русаў на чале з князем Алегам на Канстанцінопаль у 907 г. Імператару Лявону Мудраму прыйшлося адкупіцца ад Алега, апісанне чаго мы маем у «Аповесці мінулых гадоў».

Прычыну пакутлівых ваенных прыніжэнняў гараджане звязвалі з самім імператарам, а дакладней з тым, што, маўляў, Бог адвярнуўся ад краіны з-за нягодных паводзін Лявона, які, пахаваўшы трох сваіх жонак, узяў чацвёрты царкоўны шлюб. Згодна з тагачаснымі царкоўнымі правіламі, чацвёрты шлюб быў забаронены, і для дасягнення сваёй мэты імператар нават скінуў з пасады заўзятага праціўніка шлюбу – патрыярха Мікалая і паставіў на яго месца Яўхіма, які ўхваліў шлюб.

У гэтыя бурныя часы пайшла чутка, што на адным з малітоўных чуванняў у Влахернскай царкве гарадскі юродзівы Андрэй убачыў Маці Божую, якая са слязамі ўвайшла ў храм у суправаджэнні Яна Багаслова, Яна Прадвесніка і многіх святых, і, падышоўшы да алтара, узмоцнена малілася за людзей і працягнула над імі свой амафор.

Чутка пра гэтае бачанне распаўсюдзілася, і ўвагу на яго звярнуў Патрыярх Яўхім, які ў памяць гэтага бачання і таго, што Божая Маці не пакідае народу свайго, увёў асобнае царкоўнае свята Покрыва Найсвяцейшай Багародзіцы. Сведкамі ўрачыстага святкавання новага свята маглі быць і русічы, якія пасля паўторнай аблогі Канстанцінопаля ў 911 г. заключылі з імператарам мірны дагавор і накіравалі ў горад сваю дэлегацыю.

Пасля смерці імператара Лявона і вяртання Мікалая на патрыяршаства ў 912 г. зноў уведзенае свята перасталі адзначаць з пышнасцю і неўзабаве яно прыйшло ў заняпад, а згадкі пра яго ў візантыйцаў зніклі. Але паспявае прыняць гэтае свята ад Канстанцінопаля Балгарская Царква, а адтуль Русь.

Гэтае свята набыло такой вагі сярод славян, што ў 19 ст. яго зноў перанялі грэкі. У Грэцыі свята Покрыва стала агульна шанаваным і нацыянальным толькі пасля ІІ сусветнай вайны. Прычына была ў тым, што грэкі звязвалі свае перамогі на фронце з асаблівай апекай Багародзіцы. Свята Покрыва нават перанеслі з 1 на 28 кастрычніка — дзень, калі ў 1940 г. грэкі сказалі «не» Мусаліні і ўступілі ў вайну на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Таму цяпер 28 кастрычніка — гэта і народнае свята, якое называюць «Не», і дзень святкавання Покрыва Найсвяцейшай Багародзіцы.