Сьвяты Лявон быў біскупам Рыму ад 29 верасьня 440 г. да 11 лістапада 461 г.
Яго выбралі Папам, калі ён быў яшчэ дыяканам.
Быў рашучым абаронцам аўтарытэту Папы, а таксама навучаньня Халкедонскага сабору (451) пра людзкую і боскую прыроду Хрыста.
Ён так рашуча адстойваў сваё права на паўсюдную і найвышэйшую ўладу ў Царкве, што час ягонага пантыфікату можна назваць паваротным пунктам у дзеяньнях папства.
Біскуп Рыму як наступнік апостала Пятра прадстаўляе – навучаў сьв. Лявон – Ісуса Хрыста. Папярэднія Папы ўважаліся за наступцаў Пятра на Рымскі пасадзе, маючы на ўвазе ягоную мучаніцкую сьмерць і магілу ў Рыме як падставу аўтарытэту. Сьвяты Лявон жа падкрэсьліваў, што Хрыстос даў Пятру і ягоным наступнікам уладу і права, якое зьяўляецца абавязковым ва ўсёй Царкве. Бачачы ў асобе Папы ўвасабленьне “функцыі” Пятра, сьцьвярджаў, што Біскуп Рыму мае ўладу над усімі вернікамі і над усімі біскупамі. Біскупамі кіруе Пётр у асобе сваіх наступнікаў, якія ёсць “першымі” сярод біскупаў.
Калі ў 451 годзе ў Халкідоне сабраўся Сусьветны Сабор, сьв. Лявон па натхненьні Сьвятога Духа напісаў ліст да патрыярха Флавіяна (446-449) на тэму тагачаных дыскусіяў, вызнаючы ў Хрысьце дзьве энэргіі і дзьве волі. Калі Айцы Сабору ліст прачыталі, то адначасова ўсклікнулі: “Вось вера Айцоў! Вось вера Апосталаў! Усе так верым!” Ліст быў далучаны да дакументаў Сабору. Сьв. Лявон падпісаў пастановы Сабору, апрача канону 28, які надаваў біскупству Канстантынопаля другое месца пасьля Рымскага.
Ягоная літаратурная і багаслоўская спадчына складаецца з 96 казаньняў і 143 лістоў.
Дбаў Папа таксама і пра сваю бацькаўшчыну. Памёр 10 лістапада 461 году і пахаваны ў базыліцы сьв. Пятра ў Ватыкане.