У кнізе Другазаконня Майсей кажа народу: «Госпад, Бог наш, паклаў з намі запавет на Харыве; не з бацькамі нашымі паклаў Госпад запавет гэты, а з намі, хто тут сёння ўсе жывыя» (Дрг 5, 2-3).
Чаму Бог не заключыў запавету з бацькамі? Бо «Закон быў устаноўлены не для справядлівых» (1 Цім 1, 9). Айцы ж былі справядлівымі, маючы ў сэрцах і душах моц Дэкалогу. Гэта значыць яны любілі Бога, які стварыў іх, і пазбягалі ўсякай несправядлівасці да бліжняга. Таму не трэба было павучаць іх дакорамі, бо яны мелі ў сабе справядлівасць Закону.
Калі ж гэтая справядлівасць і любоў да Бога аслаблі, пайшлі ў забыццё і пагаслі ў Егіпце, Бог дзеля сваёй добрай волі да людзей быў вымушаны аб’яўляць Сябе ім праз голас.
Ён цудоўнай моцай вывеў народ з Егіпта, каб чалавек зноў стаў вучнем і рупліўцам Бога. Ён караў непаслухмяных, каб яны не пагарджалі Тым, Хто стварыў іх.
Потым карміў народ маннай, каб ён прымаў духоўную ежу, так як казаў Майсей у кнізе Другазаконня: «Карміў цябе маннаю, якой не ведаў ты і не ведалі продкі твае, каб паказаць табе, што не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада» (Дрг 8, 3).
Ён наказваў любоў да Бога і настойваў на справядлівасці да бліжняга, каб чалавек не быў несправядлівым і нявартым Бога. Праз Дэкалог Ён рыхтаваў чалавека да сяброўства з сабою і да згоды з бліжнім. Гэта было карысна самому чалавеку, у той час як Богу нічога не было патрэбна ад чалавека.
А вось чалавеку неставала славы Божай, якую можна было здабыць толькі праз паслухмянасць Богу. Таму Майсей зноў кажа народу: «Выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё, каб любіў Госпада, Бога твайго і слухаўся голасу Ягонага, і моцна трымаўся Яго. Бо ў гэтым тваё жыццё і працягласць дзён тваіх» (Дрг 30, 19-20).
Каб падрыхтаваць чалавека да гэтага жыцця, Бог сам аднолькава для ўсіх абвясціў словы Дэкалогу. І таму яны падобным чынам трываюць і ў наш час, бо праз цялеснае прыйсце Бога яны не былі скасаваныя, але пашырыліся і павялічыліся.
Што датычыць наказаў наконт былога стану няволі, яны былі дадзеныя Госпадам праз Майсея для выхавання і павучэння народу, як сказаў сам Майсей: «Госпад загадаў мне ў той час навучыць вас пастановам і законам» (пар. Дрг 4, 5).
Таму ўсё, што было дадзена для няволі і ў якасці знаку, Бог абмежаваў новым запаветам свабоды. А прыродныя запаведзі, уласцівыя свабодным людзям і агульныя для ўсіх, павялічыў і пашырыў. Праз усынаўленне Ён даў людзям пазнаць Бога як Айца, каб мы ад усяго сэрца палюбілі Яго і без ваганняў пайшлі за Яго Словам.
св. Ірыней Ліёнскі