Мы праўдзівыя вызнаўцы і праўдзівыя святары, якія, молячыся ў духу, ахвяруем у духу малітву як прыемную і належную Богу ахвяру, якой Ён сам шукаў і якую зычыў.
Такую малітву ў багатым суправаджэнні добрых учынкаў, сярод псальмаў і гімнаў мы павінны ўзносіць да Божага алтара. Яна павінна быць шчырай, насычанай верай, выхаванай праўдай; беззаганнай дзякуючы бязвіннасці; чыстай дзякуючы цнатлівасці, і ўкаранаванай любоўю. Малітвай, якая можа выпрасіць нам ад Бога ўсё.
Хіба можа Бог адмовіць у нечым малітве, якая ўзносіцца ў духу і праўдзе? Мы чытаем, чуем і верым, якія вялікія сведчанні яе дзейснасці!
Нават старазапаветная малітва вызваляла ад агню, дзікіх звяроў і голаду, хоць не ад Хрыста набыла сваю форму.
Наколькі ж большыя магчымасці хрысціянскай малітвы! Яна не толькі ставіць анёла расы пасярод агню, закрывае пашчы львам, прыносіць згаладалым ежу ад вяскоўцаў і пазбаўляе праз спасланую ласку ад пачуцця болю, але яна дае таксама цярплівасць тым, хто зведвае мукі, пакуты і боль; памнажае ласку вытрываласці, каб вера спазнала тое, што дапускае Бог, і зразумела, што яна церпіць у імя Божае.
Калісьці малітва наклікала пакаранні, разганяла варожыя войскі і стрымлівала патрэбны дождж. Цяпер жа малітва справядлівасці ўхіляе ўсякі гнеў Божы, нястомна рупіцца аб ворагах і заступаецца за ганіцеляў. Хіба дзіўна, што малітва, якая магла навесці агонь, здольная выпрасіць дождж з неба? Толькі малітва ёсць тым, што пераконвае Бога, але Хрыстос хацеў, каб пры яе дапамозе не рабілася нічога злога, і таму даў ёй усялякую дабрачынную моц.
Такім чынам, яна не ведае нічога іншага, як вяртаць душы памерлых са смяротнага шляху, умацоўваць слабых, лячыць хворых, выганяць злых духаў, адкрываць засовы вязніцы і разрываць кайданы бязвінных. Яна ж абмывае ад грахоў, адганяе спакусы, гасіць пераслед, суцяшае гаротных, падбадзёрвае велікадушных, суправаджае пілігрымаў, сунімае водныя патокі, паралізуе злодзеяў, корміць убогіх, кіруе багатымі, падымае тых, хто ўпаў; падтрымлівае тых, хто можа ўпасці; і абараняе тых, хто стаіць.
Моляцца ўсе анёлы, моліцца ўсё стварэнне, моліцца свойская жывёла і дзікія звяры; яны згінаюць свае калені і, выходзячы са сваіх загонаў і нораў, не паглядаюць моўчкі ў неба, але таксама моляцца на свой лад. Нават птушкі, прачынаючыся, узносяцца ў неба і, распасціраючы крылы, як крыж, кажуць штосьці падобнае да малітвы.
Што ж можна яшчэ сказаць пра абавязак малітвы? Маліўся нават сам Госпад, Яму няхай будзе хвала і моц на вякі вякоў.
Тэртуліян