У пятую суботу Вялікага посту ва Усходняй Царкве праводзіцца асаблівая служба ў гонар Найсвяцейшай …

У пятую суботу Вялікага посту ва Усходняй Царкве праводзіцца асаблівая служба ў гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Гэтае набажэнства, характэрнае толькі для Усходняй Царквы, называецца акафістам, адсюль дзень называецца Субота Акафісту.

Субота Акафісту, як і Нядзеля Праваслаўя, не мае сувязі з Чатырохдзясятніцай. Яна выпадае ў гэтым часе на падставе гістарычнай традыцыі і практыкі Царквы. На Ютрані гэтай суботы бярэцца ўвесь Акафіст Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы. Гэты акафіст можна назваць сімвалам і вяршыняй вялікага культу Маці Божай ва Усходняй Царкве. Менавіта таму ён заслугоўвае асаблівай увагі.

Царкоўная служба ў гэтую суботу была ўстаноўлена ў гонар Маці Божай у знак падзякі за патройную абарону сталіцы Візантыі Канстанцінопаля ад нападу ворагаў.

Першы раз гэта было падчас праўлення імператара Іраклія ў 626 г. Тады з усходу наступалі персы, а з захаду – скіты або авары. Горад знаходзіўся ў вялікай небяспецы. Патрыярх Сяргей I (610-639) узяў ікону Найсвяцейшай Дзевы Марыі, званую Адзігітрыяй, яе рызу і ў працэсіі з вернікамі прайшоў па горадзе, ідучы каля царквы Найсвяцейшай Багародзіцы ў прадмесці Влахерны. Ён замачыў у моры рызу Божай Маці, і адразу ўзнялася бура, якая патапіла варожыя караблі. Горад быў выратаваны. Людзі ўбачылі ў гэтым цуд Маці Божай, сабраліся ў яе храме на Влахерне і цэлую ноч правялі ў малітве, спяваючы хвалебную песню-акафіст у гонар Найсвяцейшай Багародзіцы.

Другая цудоўная абарона Канстанцінопаля адбылася на трыццаць гадоў пазней, пры імператары Канстанціне II Паганаце (641-668), калі на сталіцу наступалі мусульмане. І трэцяя – пры імператары Льве Ісаўрыі (716-750), калі мусульмане зноў асадзілі сталіцу вялікай колькасцю караблёў.