Дзень пачынаецца службаю Пакутаў Госпада Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста або Ютраньню з дванаццацьцю евангельскімі чытаньнямі пра пакуты і сьмерць Хрыста. Чытаньні чаргуюцца з антыфанамі і іншымі сьпевамі, у якіх перагукваюцца пачуцьці ўсхваленьня Госпада, пакланеньня, жалю і жаху перад учынкам богазабойцаў. Такім чынам Царква крок за крокам перажывае разам з Хрыстом апошнія гадзіны Ягонага жыцьця на зямлі: Апошнюю Вячэру, малітву ў Гетсыманскім садзе, арышт, допыт на двары першасьвятара, суд Пілата, крыжовую дарогу, укрыжаваньне на Галгоце, сьмерць і пахаваньне.
Аднак сьмерць Хрыста не была паразаю. У час, калі, здавалася, усё было страчаным і на сьвеце запанавала непраглядная цемра, Ён зьдзейсьніў вялікую перамогу над сьмерцю і дараваў вечнае жыцьцё роду людзкому. Пра гэта гаворыцца ў трапары дня: “Ты выкупіў нас ад праклёну законнага Тваёй пачэснай крывёю: прыбіты да Крыжа і прабіты кап’ём, Ты, Чалавекалюбча, дараваў людзям несьмяротнасьць. Збавіцелю наш, слава Табе!”
Кананічныя гадзіны ў гэты дзень называюцца вялікімі або “царскімі”. На іх чытаюцца чытаньні са Старога і Новага Запаветаў. Адмысловыя “месіянскія” псалмы згадваюць пра Месію, “Памазаньніка Божага”, – іншасказальна (Пс 68, 69), дзе Ён утоены за вобразам Давіда, або літаральна, як напрыклад у Псалме 2, дзе гаворыцца пра годнасьць Месіі. У Псалме 21 з вялікай дакладнасьцю даецца апісаньне Ягоных цярпеньняў.
Вячэрня ў Вялікую Пятніцу сканчаецца вынасам Плашчаніцы, або абрадам пахаваньня Хрыста.